Пасьля арыштаў на акцыях у падтрымку Навальнага ЗША заявілі пра далейшае абмежаваньне свабодаў у Расеі

Расейскі АМАП разганяе акцыю ў падтрымку Аляксея Навальнага ў Маскве. 23 студзеня 2021 году.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША выступіў з заявай у сувязі з дзеяньнямі расейскіх уладаў супраць удзельнікаў мірных масавых акцый у расейскіх гарадах у суботу, 23 студзеня.

Злучаныя Штаты рашуча асуджаюць жорсткую тактыку абыходжаньня з пратэстоўцамі і журналістамі. Раней расейскі ўрад імкнуўся душыць права грамадзян на мірныя сходы і свабоду выказваньня меркаваньняў, загадзя падвяргаючы арышту патэнцыйных удзельнікаў акцый.

Цяпер жа ў Вашынгтоне разглядаюць арышт апазыцыянэра Аляксея Навальнага і здушэньне пратэстных акцый як «трывожныя прыкметы далейшых» абмежаваньняў грамадзянскай супольнасьці і асноўных свабодаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Учора — Менск, сёньня — Масква?

Правы расейцаў на мірныя сходы і ўдзел у свабодных і справядлівых выбарах замацаваныя ня толькі ў канстытуцыі краіны, але і ў абавязацельствах Расеі перад АБСЭ, Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і ў міжнародных абавязацельствах па Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, падкрэсьліваецца ў заяве Дзярждэпартамэнта ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўсёй Расеі прайшлі акцыі пратэсту. Дзясяткі тысяч удзельнікаў, тысячы затрыманых

ЗША заклікаюць расейскія ўлады вызваліць усіх тых, хто быў затрыманы за адно толькі ажыцьцяўленьне сваіх правоў, і да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Аляксея Навальнага, гаворыцца ў заяве.

Вашынгтон заклікае Расею напоўніцу супрацоўнічаць з міжнароднай супольнасьцю ў расьсьледаваньні атручваньня Аляксея Навальнага і растлумачыць — годным даверу чынам — ужываньне хімічнай зброі на тэрыторыі Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі на акцыях за Навальнага затрымалі больш за 2500 чалавек

Злучаныя Штаты разам са сваімі саюзьнікамі і партнэрамі па абароне правоў чалавека будуць і надалей адстойваць правы чалавека, дзе б яны ні падвяргаліся пагрозам — няхай гэта будзе ў Расеі або ў іншых краінах, заяўляе Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША.