Ніхто ў судзе не казаў, што звольнілі з палітычных прычын
Справу разглядае судзьдзя Сяргей Слашчоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля такога трэба зьвяртацца да псыхоляга». У Горадні азотаўцы спрабуюць аднавіцца на працы праз суд13 азотаўцаў – Дзьмітры Барабан, Артур Богуш, Юры Борыс, Вадзім Венскі, Аляксей Дарагі, Уладзімер Жураўка, Дзьмітры Клыкаў, Яўгенія Кузікевіч, Андрэй Пагярыла, Міхал Рачынскі, Аляксей Сідар, Яўген Хмялеўскі, Сяргей Шэлест — падалі пазоў, каб аднавіцца на працы. Яны мяркуюць, што іх пакінулі бяз працы незаконна. Некаторых звольнілі за прагулы, калі яны сядзелі ў ізалятары за ўдзел у мітынгах, або за тое, што не перанялі зьмену пасьля абвяшчэньня народнага ўльтыматуму.
Летась зранку 26 кастрычніка на прахадной «Гродна Азот» сабралася каля 150 чалавек. Байцы АМАПу жорстка затрымалі дзясяткі зь іх, некаторых білі. Пасьля гэтага частка работнікаў не прынялі зьмены, абвясьцілі аб далучэньні да страйку.
Большасьць работнікаў тлумачылі ў судзе, што баяліся выходзіць на працу, бо на прахадной некалькі дзён дзяжурыў АМАП, іншыя — што для іхнай годнасьці непрымальны такі гвалтоўны прымус да працы. Былі і іншыя прычыны. Ніхто з удзельнікаў працэсу не казаў услых пра палітычныя прычыны далучэньня да страйку (з аднаго боку) або звальненьня (з другога).
На чарговым паседжаньні прадстаўнік кіраўніцтва «Гродна Азот» Валер Літвін тлумачыў суду, за што звольнілі кожнага работніка, а тыя зьвярталі ўвагу на супярэчлівыя моманты ў рашэньні кіраўніцтва.
«Гэта быў вымушаны прагул»
Апаратчыка Аляксея Сідара, які працаваў на «Азоце» з 2017 году, звольнілі за прагул у начную зьмену з 27 на 28 кастрычніка. Раней ён расказваў, што ўбачыў на працоўным месцы загазаванасьць і адмаўляўся прыступаць да працы ў такіх умовах, але не адмаўляўся працаваць увогуле. Яго вывелі з заводу пад аховай. Сваю адсутнасьць на працы Сідар назваў «вымушаным прагулам».
«Загазаванасьць не была пацьверджаная дакумэнтамі», — адзначыў афіцыйны прадстаўнік прадпрыемства Літвін.
Ён дадаў, што Сідар адмаўляўся ад працы «з надуманых прычын».
«Вам вядома, зь якіх?» — удакладніў судзьдзя.
«Мне не вядома», — адказаў Літвін.
Увечары 28 кастрычніка Сідар пайшоў на бальнічны, бо блага сябе адчуў. Аднак Літвін адзначыў, што Сідара звольнілі за ранак 28 кастрычніка, а не за вечар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кепскае ня можа панаваць вечна». Гісторыя рэпрэсаванага магілёўца, які мае рэдкую хваробу ды рэстаўруе старадрукі«Я магу зрабіць запыт у службу бясьпекі»
«Мяне звольнілі двойчы», — сьцьвярджае зваршчык Міхал Рачынскі, які працаваў на «Азоце» з 2007 году.
Ён далучыўся да страйку 4 лістапада і ня выйшаў на працу. У ягонай працоўнай кніжцы напісана, што яго звольнілі 4 лістапада, а ў загадзе — што 5 лістапада. Чаму так выйшла, ён ня ведае.
Апаратчыка Сяргея Шэлеста і сьлесара-рамонтніка Андрэя Пагярылу звольнілі за прагулы, бо яны адседжвалі адміністрацыйны арышт за тое, што павесілі бел-чырвона-белы сьцяг на тэлевежу ў Горадні.
Літвін адзначыў, што кіраўніцтва палічыла арышт «няўважлівай прычынай». Шэлест і Пагярыла цікавіліся, чаму пасьля выхаду з ізалятара яны цэлы месяц працягвалі працаваць і ў кіраўніцтва не было да іх пытаньняў. Прадстаўнік «Азоту» патлумачыў, што кіраўніцтва па законе можа цягам месяца прымаць рашэньне.
«Чаму мне заблякавалі пропуск яшчэ да зьмены?» — запытаўся Пагярыла пра тое, што яго не пусьцілі на працу зранку, а загад аб ягоным звальненьні зьявіўся толькі па абедзе таго ж дня.
«Я ня ведаю. Я магу зрабіць запыт у службу бясьпекі», — адказаў Літвін.
«Насьцярожвае такая хуткасьць»
Апэратара дыстанцыйнага пульта кіраваньня Ўладзімера Жураўку звольнілі за прагул начной зьмены з 5 на 6 лістапада. Ён тады не прыйшоў на працу. Кіраўніцтва спрабавала яму дазваніцца, але Жураўка не адказваў. Яго звольнілі 6 лістапада.
«Чаму ніхто не паспрабаваў высьветліць, чаму я не зьявіўся на працу? Мяне звольнілі літаральна праз пару гадзін пасьля таго, як я не зьявіўся на працы. А што, калі мяне машына зьбіла? Што, калі я ляжаў на апэрацыйным стале?.. Насьцярожвае такая хуткасьць», — адзначыў Жураўка.
Сьлесара Аляксея Дарагога звольнілі 30 кастрычніка за парушэньне працоўнай дысцыпліны 26 кастрычніка.
«У чым канкрэтна выражалася парушэньне дысцыпліны?» — запытаўся юрыст Беларускага незалежнага прафсаюзу Аляксандар Пардкаў, які прадстаўляе інтарэсы звольненых азотаўцаў у судзе.
«У тым, што парушыў. Больш канкрэтна не скажу», — адказаў прадстаўнік «Азоту».
«Я быў на выходным. Як я мог нашкодзіць прадпрыемству і парушыць працоўную дысцыпліну?» — задаў пытаньне без адказу Дарагі.
«Што гэта было з 25 па 27 кастрычніка?»
Апаратчык Дзьмітры Барабан працаваў на прадпрыемстве з 2008 году. Калі летась напрыканцы кастрычніка частка работнікаў «Гродна Азоту» далучылася да страйку, ён быў сярод тых, хто пагадзіўся працаваць тры зьмены запар — 36 гадзін, бо работнікаў не хапала, а вытворчасьць нельга было ні пакінуць без нагляду, ні спыніць умомант.
Потым Барабан таксама далучыўся да страйку, бо палічыў такія працоўныя ўмовы «пагрозай для свайго псыхічнага здароўя», а «наймальнік не прадставіў бясьпечныя ўмовы».
«Са мной прыпынілі ўсю камунікацыю. Я ня мог забраць свае рэчы з працоўнага месца, падпісаць абходны, напісаць тлумачальную запіску. Мне не далі сфатаграфаваць загад аб звальненьні. Прыйшоў чалавек са службы бясьпекі, адкрыў чорную папку, я падпісаў [загад], ён закрыў папку», — узгадвае абставіны свайго сыходу з працы Барабан.
Ён таксама задаў пытаньне, чаму наймальнік парушыў заканадаўства і дапусьціў яго да працы цягам трох зьменаў запар. Літвін адказаў: «Ня ведаю».
«Можа, наймальнік можа патлумачыць, што гэта было з 25 па 27 кастрычніка? Што адбылося ля сьценаў заводу?» — запытаўся Барабан.
«Наймальнік наўрад ці здолее патлумачыць. Гэта ж не мерапрыемства, якое арганізаваў наймальнік», — пракамэнтаваў ягонае пытаньне судзьдзя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта абсурд». Гарадзенка, якой далі штраф за колер штаноў, расказала, як прайшоў суд«Чалавечы фактар»
Апаратчыка Артура Богуша звольнілі, калі ён быў у працоўным адпачынку, за парушэньне працоўнай дысцыпліны 26 кастрычніка. 28 кастрычніка ён даслаў поштай на працу заяву аб тым, што далучаецца да страйку. Але яшчэ перад гэтым убачыў у сацыяльных сетках фота загаду аб тым, што яго звольнілі.
«Ці могуць мяне звольніць падчас майго чарговага адпачынку?» — задаў пытаньне Богуш.
«Гэта пытаньне не па справе», – адказаў Літвін.
«Як можна парушыць правіла працоўнага распарадку, калі знаходзісься ў адпачынку?» — заступіўся за калегу Аляксей Сідар, аднак без адказу.
Апаратчыка Вадзіма Венскага звольнілі 28 кастрычніка за прагул начной зьмены з 26 на 27 кастрычніка. Ён патлумачыў, што захварэў і ўвечары 26 кастрычніка пазваніў свайму начальніку, папярэдзіў пра гэта. На наступны дзень пайшоў у паліклініку і адкрыў бальнічны. Аднак Венскага звольнілі яшчэ да таго, як ён мог выйсьці на працу з бальнічнага і прадставіць пацьверджаньне, што хварэў.
«Ці парушыў я парадак паведамленьня пра сваю хваробу?» — запытаўся Венскі.
Ён патлумачыў, што з пачаткам эпідэміі каранавірусу, паводле пэўнай працоўнай інструкцыі, работнік ужо ня меў абавязку прыходзіць на працу, каб мэдычны пункт на «Азоце» пацьвердзіў ягоную хваробу. Дастаткова было пазваніць.
Да таго ж у першапачатковым загадзе аб звальненьні Венскага прычынай значылася парушэньне працоўнай дысцыпліны, потым у загадзе перапісалі прычыну на «прагул».
«Была дапушчаная памылка. Яе паправілі. Чалавечы фактар», — сказаў пра несупадзеньне Літвін.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.