Супрацоўнікі КДБ прапаноўвалі шпіёніць і займацца неўласьцівай дзейнасьцю
Крымінальную справу супраць Жабаравай і аднаго з хабарадаўцаў Аляксандра Лексакова разглядае Кастрычніцкі суд Магілёва. Былую чыноўніцу вінавацяць у неаднаразовым атрыманьні хабару ад кіраўнікоў закрытага акцыянэрнага таварыства «Лазэрныя шоў-сыстэмы» і прыватнай кампаніі «Арт-канцэрт». Паводле сьледзтва, падсудная лабіявала іхныя інтарэсы, каб тыя мелі замовы на арганізацыю культурна-масавых імпрэзаў у горадзе. Сьледзтва выявіла 8 эпізодаў атрыманьня ёю грашовых сродкаў, якія яна траціла на асабістыя патрэбы. Ад 2015 да 2020 году чыноўніцы нібыта перадалі больш за 31 тысячу рублёў.
У апошнім слове былая чыноўніца заявіла, што супрацоўнікі КДБ прапаноўвалі ёй «шпіёніць і займацца не ўласьцівай ёй дзейнасьцю ў адносінах да амбасады Амэрыкі, людзей, якія павінны там прысутнічаць на закрытых мерапрыемствах», а таксама «свайго кіраўніцтва: мэра гораду і ягоных набліжаных». Адмова ж справакавала «ейнае затрыманьне КДБ». Яна настойвала, што 23 лістапада, калі расьсьледаваньне справы набліжалася да завяршэньня, да яе ў сьледчы ізалятар КДБ прыйшлі супрацоўнікі гэтага ведамства і зноў прапанавалі супрацоўнічаць «узамен на тое, што ўсё будзе адкручана назад і паблажлівасьць будзе ўва ўсім».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-афіцэра міліцыі, які звольніўся пасьля выбараў, асудзілі на 2 гады «хіміі». Ён заяўляў пра катаваньні ў карцарыПрызналася пад ціскам
На ранейшых судовых пасяджэньнях Ірына Жабарава заяўляла, што зазнала ў няволі псыхалягічны ціск. Яе ўтрымлівалі ў «невыносных умовах»: не было сродкаў гігіены, пазбаўлялі кантактаў з роднымі і абмяжоўвалі сустрэчы з адвакатам. Допыты праводзілі ў начны час. Так яе вымусілі даць прызнальныя паказаньні.
Паводле падсуднай, прызнаць віну патрабавалі начальнік апэратыўнага аддзелу КДБ і ягоныя падначаленыя — узамен на тэлефонныя гутаркі з роднымі ды вызваленьне з-пад варты. Прызнаньне яна пісала пад дыктоўку апэратыўнікаў у прысутнасьці адваката, зь якім пазьней скасавала дамову. З новым адвакатам яна пазыцыю зьмяніла, хоць сьледчыя і засьцерагалі, каб «ня сьмела мяняць паказаньні, бо дабавяць тэрмін».
Адвакатка падсуднай адзначала, што ў матэрыялах справы ёсьць дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што ў зьняволеньні падабаронную дапытвалі начамі і позьнім вечарам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволенаму журналісту Андрэю Аляксандраву прад’явілі абвінавачаньнеПракурор: Віна даказаная. 6 гадоў калёніі
Дзяржаўнае абвінавачваньне просіць пакараць Жабараву 6 гадамі калёніі агульнага рэжыму, штрафам у 13 500 рублёў, а таксама пазбавіць яе на 5 гадоў права займаць кіроўныя пасады. Паводле пракурора Тацяны Касьцюшкі, віна падсуднай даказаная прызнальнымі паказаньнямі хабарадаўцаў Лексакова ды кіраўніка кампаніі «Арт-канцэрт» Паўла Мажэйкі, які ў справе праходзіць як сьведка.
Як вынікае са словаў прадстаўніцы абвінавачваньня, абодва былі затрыманыя, напісалі яўку з павіннай, у якой паведамілі пра свае стасункі з Жабаравай, а на сьледзтве і ў судзе «ўдакладнялі» свае паказаньні. Галоўная фігурантка справы лічыць, што «сьведку Мажэйку трымалі ў няволі 2 месяцы» і там «зламалі».
Пракурор згадала, што Жабарава ў зьняволеньні прызналася ва ўчыненьні злачынства, што пацьвярджае яе віну. Паводле яе, заява падсуднай, што такія паказаньні яна давала пад псыхалягічным ціскам супрацоўнікаў КДБ, не пацьверджаная дакумэнтальна, бо падсудная ня скардзілася на незаконныя дзеяньні апэратыўнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выдаць нашым памочнікам сьмяротную і несьмяротную зброю». Карпянкоў зноў заявіў пра «лішніх людзей»Падзельнік Жабаравай: добраахвотна паведаміў пра супрацьпраўную дзейнасьць
Былога кіраўніка таварыства «Лазэрныя шоў-сыстэмы» Лексакова абвінавачаньне патрабуе аштрафаваць на 10 800 рублёў. Ён пад падпіскай аб нявыезьдзе. Віну прызнаў. Зь ягоных словаў, Жабаравай першы раз ён перадаваў грошы ў 2016 годзе. Затрымалі ж яе 13 сакавіка 2020 году супрацоўнікі КДБ пасьля таго, як Лексакоў перадаў чыноўніцы рэклямную брашуру сваёй арганізацыі, а ў ёй, як выявіліся, ляжала 550 рублёў.
Жабарава настойвае, што пра грошы ў брашуры ня ведала, і адзначае, што яе бралі пад варту два дзясяткі апэратыўнікаў. Пра статус затрыманай яна даведалася, калі яе даставілі ў Менск. На яе думку, прызнаньне Лексакоў даваў таксама пад ціскам апэратыўнікаў, якія на гэта ёй намякалі.
У адказах на пытаньні свайго адваката Лексакоў настойваў, што супрацоўнікі КДБ не схілялі яго абгаворваць Жабараву. Ён добраахвотна вусна паведаміў пра ейную супрацьпраўную дзейнасьць да ўзбуджэньня крымінальнай справы і актыўна спрыяў расьсьледаваньню.
Чакаецца, што прысуд Жабаравай і Лексакову агучаць 4 лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менчука асудзілі на 1,5 года калёніі за пашкоджаньне шыбы міліцэйскай машыны на 110 рублёў