«Мне ўручылі апавяшчэньне аб неабходнасьці пакінуць Расею да 25 студзеня. Таксама выдалі забарону на ўезд у краіну да 27 лістапада 2023 году», — пасьпеў напісаць юрыст на сваёй старонцы ў Твітэры з аддзяленьня ўнутраных спраў.
21 студзеня супрацоўнікі паліцыі затрымалі яго ў Маскве ў гатэлі «Панарама».
«Раптам стук у дзьверы, 15 паліцыянтаў. Кажуць, нехта крычаў, прыехалі паводле выкліку 02. Зразумела, у нумары ўсё спакойна. Цяпер даставілі ў АУС па Данілаўскім раёне даць тлумачэньні», — піша ён.
Пазьней Лось паведаміў, што празь пяць гадзін пасьля затрыманьня ў дачыненьні да яго ўжылі артыкул аб непадпарадкаваньні паліцыі і вырашылі пакінуць на ноч у АУС.
17 студзеня ў аэрапорце «Шарамецева» пасьля вяртаньня зь Нямеччыны затрымалі Аляксея Навальнага, заснавальніка і кіраўніка Фонду барацьбы з карупцыяй.
20 жніўня мінулага году яму зрабілася кепска падчас палёту з Томску ў Маскву. Яго шпіталізавалі ў рэанімацыю омскай лякарні, а затым перавезьлі ў клініку Charite ў Бэрліне.
Пазьней мэдыкі і ўлады Нямеччыны заявілі, што апазыцыянэр быў атручаны рэчывам з групы «Навічок». Крэмль лічыць заявы аб спробе забойства Навальнага беспадстаўнымі, крымінальная справа па гэтым выпадку не заведзеная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каманда Навальнага апублікавала расьсьледаваньне пра «палац Пуціна». ВІДЭА29 сьнежня 2020 году ў Расеі Аляксея Навальнага абвясьцілі ў вышук, прэтэнзіі да яго зьвязаныя з парушэньнем ім абавязаньняў, накладзеных прысудам у так званай «справе Іў Рашэ».
Пасьля затрыманьня каманда Навальнага выпусьціла фільм-расьсьледаваньне пра карупцыю ў вышэйшых эшалёнах расейскай улады «Палац для Пуціна».