Большасьць прадстаўнікоў беларускіх ІТ-кампаній чакаюць далейшага пагаршэння ўмоў для сваёй дзейнасьці ў краіне. Апытаньне праводзілася ў рамках прафэсійнай супольнасьці Belarus IT Companies Club (BICC) у студзені гэтага года і была прысьвечана ўплыву на IТ-галіну павышэньня падаходнага падатку з 9% да 13%.
У ходзе сацыялягічнага дасьледаваньня 52% апытаных кіраўнікоў кампаній заявілі, што плянуюць кампэнсаваць павышэньне падаходнага падатку за свой кошт. Пятая частка рэспандэнтаў (20%) перанесьлі павышэньне падаходнага падатку на супрацоўнікаў цалкам, а 13% кампаній вырашылі падзяліць павышэньне ў розных прапорцыях.
Камэнтуючы свае чаканьні, 70% апытаных рэспандэнтаў паведамілі, што прагназуюць пагаршэньне ўмоў для IТ-бізнэсу ў Беларусі, у тым ліку далейшае павышэньне падаткаў. У той жа час 28% рэспандэнтаў думаюць, што больш зьменаў ня будзе і падатковыя ўмовы застануцца ранейшымі.
Пры гэтым толькі малая доля рэспандэнтаў (2%) чакае паляпшэньня ўмоў для IТ-бізнэсу ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўрадзе падвышэньне падаткаў для працаўнікоў ІТ-сэктару патлумачылі сацыяльнай справядлівасьцюДля пошуку дадатковых даходаў у бюджэт улады сёлета адмянілі шэраг падатковых ільгот, у тым ліку па выплаце падатку на прыбытак, зямельнага падатку і падатку на даданую вартасьць.
Рашэньні ўраду закранулі таксама сэктар інфармацыйна-камунікацыйных паслуг. Для мабільных апэратараў стаўка падатку на прыбытак з 2021 г. была павялічана з 18% да 30%, а стаўка падаходнага падатку для работнікаў кампаній — рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій была павялічаная з 9% да 13%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 1 лютага прагназуецца рост цэнаў на лекі і паслугі мэдцэнтраў