«Наступіў 37-ы год, а мы і не заўважылі». Юлія Навальная паведаміла пра сачэньне за ёю

Юлія Навальная.

Юлія Навальная, жонка расейскага апазыцыйнага палітыка, паведаміла, што за яе домам сочаць праваахоўнікі.

«Машына ўжо суткі стаіць ля майго дома — гэта мяне вартуюць апэратыўныя супрацоўнікі паліцыі. Ну а чаму дзівіцца: мы ўжо пабачылі, што яны сталі практыкаваць выязныя пасяджэньні „троек“, а цяпер перасьледуюць мяне як жонку „ворага народу“. Наступіў 37-ы год, а мы і не заўважылі», — напісала яна ў Інстаграме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каманда Навальнага апублікавала расьсьледаваньне пра «палац Пуціна». ВІДЭА

Аляксей Навальны напярэдадні перадаў зварот са сьледчага ізалятара «Матросская тишина». У ім апазыцыянэр расказаў пра ўмовы свайго ўтрыманьня: невялікі пакой, вакно, жалезны ложак.

«Я не шкадую, што вярнуўся. Інакш я зрабіць ня мог, і ў гэтым няма ні патасу, ні ахвярнасьці, ні фаталізму. Цалкам рацыянальны выбар», — напісаў Навальны, дадаўшы, што адмаўляецца мірыцца зь беззаконьнем у Расеі і маўчаць, «слухаючы бессаромны падман Пуціна і яго сяброў, якія загразьлі ў карупцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не шкадую, што вярнуўся». Навальны перадаў зварот з СІЗА

Аляксей Навальны прыляцеў 17 студзеня ў Расею зь Нямеччыны, дзе праходзіў лячэньне і рэабілітацыю пасьля атручэньня. У дзень прылёту ў аэрапорце яго затрымалі і арыштавалі на 30 дзён.

Рэгіянальныя штабы Навальнага зьбіраюцца 23 студзеня правесьці «вялікія мітынгі» па ўсёй Расеі.