Кіраўнік МЗС Латвіі вітаў рашэнні Nivea і Škoda адмовіцца ад спансаваньня хакейнага чэмпіянату сьвету ў Менску.
Міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс вітаў рашэньне чэскага аўтавытворцы Škoda і нямецкага касмэтычнага брэнду Nivea Men адмовіцца спансаваць чэмпіянат сьвету ў хакеі, калі ён адбудзецца ў Менску.
«Аплядуем прынцыповай пазыцыі такіх кампаній, як Škoda і Nivea Men. Міжнародная фэдэрацыя хакею павінна ўхваліць правільнае рашэньне. Менск — нядобрае месца для чэмпіянату сьвету ў хакеі з прычыны грубых парушэньняў правоў беларускіх грамадзян нелегітымным рэжымам Лукашэнкі», — напісаў міністар на сваёй старонцы ў «Твітэры».
Латвія — суарганізатарка ЧС-2021, заплянаванага з 21 траўня па 6 чэрвеня ў Менску і Рызе. 11 студзеня Рынкевічс назваў правядзеньне турніру ў беларускай сталіцы «цалкам непрымальным», «амаральным» і «супярэчным прынцыпам спартовых паводзінаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Liqui Moly адмовілася быць спонсарам чэмпіянат сьвету ў хакеі ў Менску. Гэтак ужо заявілі Nivea, Škoda і TissotПазыцыю Škoda падтрымаў таксама міністар замежных спраў Чэхіі Томаш Петржычак: «Дзякую, Škoda. Рады, што флягман нашых фірмаў вырашыў не падтрымліваць пабіцьцё дзяўчат і парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Лепшая рэкляма — мець рэпутацыю прыстойных людзей».
Ад спонсарства ЧС у Менску адмовілася таксама нямецкая кампанія па вытворчасьці маторных аліваў Liqui Moly, а швэйцарскі вытворца гадзіньнікаў Tissot заявіў аб фундамэнтальнай каштоўнасьці правоў чалавека і паведаміў, што накіраваў свае асьцярогі з гэтай нагоды ў МФХ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік чэскага хакею: «Не ўяўляю, як без падтрымкі Škoda можна правесьці чэмпіянат»Чакаецца, што 18 студзеня МФХ прыме канчатковае рашэньне пра лёс беларускай часткі чэмпіянату. 17 студзеня віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі Калерва Кумала, які выступае за яе перанос матчаў зь Менску, на сваёй старонцы ў «Твітэры» заклікаў дачакацца вечара наступнага дня і «паглядзець, што адбудзецца».
11 студзеня для абмеркаваньня сытуацыі вакол ЧС-2021 Менск наведаў прэзыдэнт МФХ Рэнэ Фазэль. Яго абдымкі з Аляксандрам Лукашэнкам і сумеснае фота са старшынёй Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыем Баскавым, якога падазраюць у дачыненьні да падзей, што прывялі да сьмерці актывіста Рамана Бандарэнкі, выклікалі хвалю крытыкі ў эўрапейскіх СМІ і хакейных колах кантынэнту, перш за ўсё паўночных краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа Баскава і пратэсты каля Менск-арэны». Што яшчэ хвалюе Федэрацыю хакею Беларусі перад чэмпіянатам сьвету