Герхард Шродэр заявіў, што анэксія Крыму была парушэньнем міжнародных нормаў

Герхард Шродэр

Былы канцлер ФРН Герхард Шродэр, які цяпер займае пасаду старшыні рады дырэктараў «НК «Раснафта» і кіраўніка рады дырэктараў кампаніі Nord Stream 2, якая належыць «Газпраму», упершыню выступіў з публічнай крытыкай Крамля.

У інтэрвію часопісу «Шпігель», апублікаваным у суботу, 16 студзеня, ён прызнаў, што некаторыя дзеяньні расейскага кіраўніцтва парушаюць міжнародныя прававыя нормы.

«Мы ведаем, што Пуцін зьяўляецца важнай сілай у Расеі, але мы ня ведаем, ці сапраўды ён нясе адказнасьць за ўсё, што зьвязваюць з Расеяй», — падкрэсьліў Шродэр у інтэрвію. Былы канцлер таксама заявіў, што «анэксія Крыму была відавочным парушэньнем міжнароднага права». У той жа час ён ня лічыць санкцыі «правільнай рэакцыяй» на парушэньне міжнароднага права. «Я лічу іх бессэнсоўнымі», — сказаў Шродэр. На яго думку, «ніводзін прэзыдэнт Расеі ўжо ня верне Крым».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога канцлера Нямеччыны перавыбралі кіраўніком рады дырэктараў «Роснефти»

Камэнтуючы ў сваім інтэрвію часопісу «Шпігель» той факт, што міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў нядаўна правёў афіцыйны абед з кіраўніком правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (АДГ), Шродэр сказаў, што лічыць гэта памылкай і ня можа растлумачыць гэты крок.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкі МЗС супраць уключэньня былога канцлера Шродэра ў базу дадзеных «Міратворца»
  • Герхард Шродэр быў канцлерам ФРН з кастрычніка 1998 па лістапад 2005 году. У верасьні 2017 году ён быў абраны старшынёй рады дырэктараў нафтавай кампаніі «Раснафта».
  • У пачатку верасьня 2005 году ў ходзе візыту расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ў Нямеччыну было падпісанае пагадненьне аб будаўніцтве Паўночна-Эўрапейскага газаправоду паміж Расеяй і Нямеччынай па дне Балтыйскага мора. Шэраг прыбалтыйскіх краін выступілі супраць ажыцьцяўленьня гэтага праекту.