Сяргей Качалаў 24 сьнежня зьляпіў у сябе ў двары сьнегавіка, упрыгожыў яго чырвоным шалікам, напісаў на сьнезе «Жыве Беларусь!».
Назаўтра сьнегавік растаў, а ўчастковы склаў пратакол за «несанкцыянаваны пікет». Справу разглядала судзьдзя Тамара Застаўнецкая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Гомельшчыне склалі пратакол за сьнегавіка зь лёзунгам «Жыве Беларусь». Будзе суд за «несанкцыянаваны пікет»Сяргей жыве ў Маркавічах Гомельскага раёну. Яму 51 год, мае інваліднасьць трэцяй групы. Ён заўсёды рабіў узімку сьнегавікоў, прыходзілі суседзі, фатаграфаваліся зь імі. Зрабіў сьнегавіка і 24 сьнежня — як толькі выпаў сьнег, прычапіў яму чырвоны шалік, напісаў «Жыве Беларусь».
«Ну а што? Хіба не жыве Беларусь? Чаму так нельга пісаць?» — заўважыў Сяргей. Кажа, што ягонага сьнегавіка фатаграфавалі суседзі, і ў тым ліку «некаторыя нехарошыя людзі». «Падбегла нейкая маладая дзяўчына — я яе ня ведаю. Зьняла сьнегавіка і ўцякла. Відаць, яна і данесла ў міліцыю», — кажа Сяргей. Участковы склаў пратакол за «несанкцыянаваны пікет» па артыкуле 23.34 КаАП.
«Я палітычных мэтаў не высоўваў, ня бегаў са сьцягамі, нічога не крычаў. Я зрабіў сьнегавіка і напісаў „Жыве Беларусь“, як Купала казаў. Трэба было, мусіць, напісаць „Не жыве Беларусь“. Мы як усе людзі на сьвеце... толькі чамусьці нас гнятуць!», — выказаўся на судзе вясковец.
«Ці быў бачны сьнегавік з вуліцы?» — пыталася судзьдзя.
«Жонка даведалася, што там бегаюць, крычаць — пайшла і сьцерла надпіс і шалік чырвоны зьняла», — дадаў Сяргей
Судзьдзя накіравала матэрыялы справы на дапрацоўку.