Палітвязень Няронскі ў судовай залі зьвярнуўся да ўладаў: «Вы давялі да братазабойчай сытуацыі ў краіне»

Палітвязень Уладзімер Няронскі ў судовай залі. Слуцак, 13 студзеня.

Слуцкі блогер Уладзімер Няронскі ў трэці дзень суду заявіў, што некаторыя паказаньні на этапе сьледзтва даў пасьля катаваньняў. Ён абвінаваціў уладу ў забойствах людзей і заклікаў хутчэй вынесьці яму прысуд, на які ёсьць «загад зьверху».

Суд Лагойскага раёну 14 студзеня працягвае разгляд крымінальнай справы супраць палітвязьня Ўладзімера Няронскага, аўтара ютуб-каналу «Слуцк для жизни». Яго вінавацяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — у арганізацыі «незаконных масавых мерапрыемстваў» і ў публічнай абразе старшыні Слуцкага райвыканкаму, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Сьледзтва лічыць, што Няронскі ладзіў незаконныя акцыі адразу ў некалькіх гарадах Беларусі, у тым ліку мітынг у Горадні 29 траўня, на якім затрымалі Сяргея Ціханоўскага і іншых удзельнікаў выбарчага пікету, хоць у гэты час сам Няронскі ўжо амаль месяц адбываў «суткі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся працэс над палітвязьнем Няронскім, гэта першы суд у «справе Ціханоўскага». Сьледзтва ішло 8 месяцаў

На трэці дзень у судзе праглядаліся стрымы зь ютуб-каналу Няронскага пад назвамі «Дорога на Минск» і «Все приезжайте в поселок Дружный Евроопт». Блогер вельмі зьдзівіўся, калі даведаўся, што ў віну яму ня ставіцца відэаролік «Мозырь. Поддержка людей», у якім людзі выказваюцца наконт закрыцьця Цэнтру рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў «Радуга». Ён лічыць, што ў ім уся сутнасьць крымінальнай справы супраць яго, і настойваў, каб у судзе прагледзелі менавіта яго. Адвакат заявіў адпаведнае хадайніцтва, судзьдзя яго задаволіў.

«Я ж па 342 ужо адседзеў усё! За што мяне судзяць? За арганізацыю мерапрыемстваў я ўжо адседзеў 40 сутак. За кожны ролік, што мы глядзелі ў судзе, мне давалі „суткі“. Мяне ўжо пакаралі», — заявіў Няронскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Няронскі ў турме перанёс каранавірус і мікраінсульт. На судзе ён заявіў пра прымусовае накіраваньне ў псыхіятрыю

Судзьдзя Аляксандар Рыбакоў прагледзеў матэрыялы агляду сацсетак, тэлефону Няронскага, праслухоўваньня ягоных перамоваў.

Таксама палітвязень, якога пачалі судзіць самым першым па «справе Ціханоўскага», эмацыйна адрэагаваў на пытаньні пракурора Аляксандра Ляўковіча аб арганізацыі беспарадкаў.

«Кароль голы! Давялі да братазабойчай сытуацыі ў краіне. Што вы нарабілі 9 і 10 жніўня? Грамадзянскую вайну зладзілі! Гэта я зрабіў? Што вы зрабілі, калі я сядзеў у турме, — людзей забілі! Вы не вырывайце з кантэксту словы!»

Няронскі зноў зьвярнуў увагу на катаваньні, якім яго падверглі сілавікі, заявіўшы, што яго 40 сутак «прэсавалі». Увесь гэты час ён «ня бачыў сонечнага сьвятла і ня спаў». Таксама блогер сказаў, што думае пра тыя паказаньні, якія даваў падчас сьледзтва.

«Вы пасядзіце 40 сутак, потым я на вас пагляджу! У мяне бралі гэтыя паказаньні на відэакамэру, паглядзіце, у якім я стане быў! Мяне адразу катавалі, а потым дапытвалі. Там трызьненьне нейкае вы несяце. Я ўчора ў больш-менш нармальным стане адказаў».

Па словах Няронскага, сьледчы прызнаў, што ён невінаваты. Уся сям’я палітвязьня паўгода нічога ня ведала хоць пра якія абставіны ягонай крымінальнай справы. Таксама слуцкі блогер папрасіў суд хутчэй выносіць прысуд, бо той мае «загад зьверху». Пасьля гэтага мужчына адмовіўся гаварыць далей.

Суд прыступіў да разгляду другой крымінальнай справы, якая тычыцца нібыта абразы, якую Няронскі нанёс старшыні Слуцкага райвыканкаму Андрэю Янчэўскаму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледзтва ў справах палітвязьняў Кабанава і Пятрухіна завяршылі, чакаюцца суды
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія чэмпіянаты па палітвязьнях: параўноўваем сытуацыю 2014 і 2021 гадоў