Новы прэзыдэнт Малдовы Мая Санду, наведваючы Кіеў 12 студзеня, заявіла аб аднаўленьні сяброўскіх кантактаў з Украінай. Паездка стала яе першым афіцыйным замежным візытам пасьля ўступленьня на пасаду ў сьнежні летась.
«Я б хацела пацьвердзіць, што Ўкраіна — стратэгічны партнэр Малдовы і што разьвіцьцё ўстойлівага і прагматычнага супрацоўніцтва з Украінай — гэта прыярытэт для Кішынёва. Я рада паведаміць, што сёньня мы дамовіліся вывесьці нашы адносіны на іншы ўзровень, узровень стратэгічнага партнэрства», — заявіла Мая Санду пасьля перамоваў з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім. Яна дадала, што дзьве краіны вырашылі заснаваць раду на ўзроўні прэзыдэнтаў — для прасоўваньня сувязяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мая Санду ўступіла на пасаду прэзыдэнта МалдовыЗяленскі, у сваю чаргу, паведаміў, што на сустрэчы з Санду яны гаварылі пра членства сваіх краін у Эўразьвязе як пра агульную стратэгічную мэту. «Па гэтым пытаньні нашы падыходы цалкам супадаюць», — падкрэсьліў Зяленскі. Ён таксама сказаў, што адносна Прыднястроўя пазыцыя Кіева не зьмянілася. «Мы цьвёрда падтрымліваем сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Малдовы ў яе міжнародна прызнаных межах», — заявіў украінскі прэзыдэнт.
У ходзе выбарчай кампаніі Мая Санду ўстрымлівалася ад прамой крытыкі Расеі і па-ранейшаму заяўляе, што выступае за добрыя адносіны з Масквой, але не на шкоду супрацоўніцтву Малдовы з ЭЗ. Яна выказваецца за мірнае ўрэгуляваньне канфлікту ў Прыднястроўі і за вывад расейскіх войскаў з гэтага рэгіёну, які Кішынёў не кантралюе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Малдовы ўхваліў у першым чытаньні закон аб статусе расейскай мовыТак званая Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка — адна зь некалькіх самаабвешчаных рэспублік, якія ўзьніклі на тэрыторыі былога СССР на пачатку 1990-х гадоў. Адміністрацыя ў Тыраспалі карыстаецца падтрымкай Расеі, аднак незалежнасьць Прыднястроўя Масква не прызнала.