BYPOL апублікаваў сьпіс тых, хто служыць у менскім АМАПе. МУС адказвае на такое крымінальнымі справамі

Амапаўцы

Ініцыятыва BYPOL апублікавала сьпіс супрацоўнікаў АМАП ГУУС Менгарвыканкаму, адзначаных заахвочаньнямі. На думку арганізацыі, сілавікі атрымалі іх «за праяўленую актыўнасьць у задушэньні мірных пратэстаў беларусаў».

Сьпіс — пералік 559 супрацоўнікаў з указаньнямі іх хатніх адрасоў, званьняў і пасадаў, ад камандзіра атраду да міліцыянта-кіроўцы.

У дакумэнце раскрылі значэньне нумарных нашывак на рыштунку амапаўцаў, што дае магчымасьць па шматлікіх відэа- і фотаматэрыялах устанавіць датычнасьць да злачынных дзеяньняў асобаў з канкрэтнага ўзводу (роты) названага падразьдзяленьня.

Як пішуць аўтары дасьледвання, узвод звычайна складаецца з 10-20 супрацоўнікаў, што істотна звужае поле пошуку вінаватых і дазваляе ідэнтыфікаваць калі не выканаўцу, то, як мінімум, яго саўдзельніка альбо супрацоўніка, які можа выступіць сьведкам і паказаць на тых сваіх таварышаў па службе, якія парушылі закон. У выпадку адмовы ён сам будзе несьці крымінальную адказнасьць паводле арт. 406 Крымінальнага Кодэксу «Неданясеньне аб злачынстве».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BYPOL: Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў зь менскага АМАПу сышла чвэрць супрацоўнікаў

Напярэдадні афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава заявіла, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў устаноўлена больш за 18 тысяч выпадкаў разгалошваньня пэрсанальных зьвестак сілавікоў і 92 факты паклёпу на іх.

У ведамстве падлічылі іх колькасьць за пяць апошніх месяцаў — у адрас супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў, а таксама чальцоў іх сем’яў паступіла 225 пагрозаў і 382 абразы. МУС адрэагавала на гэта 332 крымінальнымі справамі, да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнулі 127 чалавек.

Ініцыятыва BYPOL, якая складаецца пераважна з былых сілавікоў, якія сышлі з органаў унутраных справаў на знак нязгоды з рэпрэсіўнай палітыкай Лукашэнкі, паставіла сабе задачу выявіць усіх датычных да забойстваў, катаваньняў і іншага перасьледу мірных пратэстоўцаў у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа Ціханоўскага. Ініцыятыва BYPOL расказала пра магчымага аўтара загаду на арышт у палітычнай справе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ёсьць тэрабайты файлаў з камэр відэаназіраньня». Хто і навошта зьлівае відэа зьбіваньня беларускімі сілавікамі