У распараджэньне BYPOL трапілі матэрыялы, зьвязаныя з колькасным складам АМАП ГУУС Менгарвыканкаму.
Дадзеныя сьведчаць, што пасьля леташніх выбараў з падразьдзяленьня сышлі больш за 24% супрацоўнікаў.
Цяпер штатная колькасьць байцоў АМАП ГУУС Менгарвыканкаму складае 637 адзінак. Паводле стану на лістапад 2020 году, атрад быў укамплектаваны на 91,5%, або 583 супрацоўнікамі.
Ад жніўня па лістапад падразьдзяленьне пакінулі 156 чалавек: 106 звольніліся, 50 перавяліся ў іншыя службы. На іх месца прынялі 153 супрацоўнікаў, некамплект на пачатак сьнежня склаў 54 адзінкі.
Аднак, як заўважае «Эўрарадыё», у табліцы па спасылцы ў тэлеграм-канале BYPOL няма графы «Агулам», таму яе можна інтэрпрэтаваць і іначай. Лічбы звальненьня і прыёму ў шэрагі АМАП ідуць паводле нарастальнай, і іх ня трэба складаць паміж сабой. Тады атрымаецца, што ад лютага да лістапада 2020 году менскі АМАП пакінулі 47 байцоў: 33 былі звольненыя, а яшчэ 14 пераведзеныя ў іншыя падразьдзяленьні. За той жа час на службу было прынята 45 супрацоўнікаў.
Ініцыятыва просіць усіх, хто мае дадатковую інфармацыю аб становішчы ў праваахоўных органах, паведамляць у каналы BYPOL.