У Менску спартовы функцыянэр сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам, міністрам спорту і турызму Сяргеем Кавальчуком і старшынёй Беларускай фэдэрацыі хакею Дзьмітрыем Баскавым, нагадвае афіцыйны рэсурс iihf.com.
«Першапачаткова мы прасілі сустрэчу з прэзыдэнтам Беларусі і чальцамі Беларускай фэдэрацыі хакею ў сьнежні, каб атрымаць тлумачэньні аб сытуацыі ў краіне і падрыхтоўцы да чэмпіянату сьвету – 2021. Праз COVID-19 мы з Генэральным сакратаром IIHF не змаглі прыехаць, аднак настоялі на неабходнасьці візыту і атрымалі дазвол на гэтым тыдні. У цяперашніх абставінах паездка была неабходная, каб адрасаваць свае асьцярогі, якія тычацца ня толькі арганізацыі турніру, а і ўсёй сытуацыі, непасрэдна прэзыдэнту», — патлумачыў Рэнэ Фазэль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Латвія адмовіцца — правядзём самастойна», — Лукашэнка пераконвае Фазэля праводзіць хакейны чэмпіянат у БеларусіЁн нагадаў: кангрэс IIHF у 2017 годзе вызначыў, што чэмпіянат сьвету ў хакеі 2021 году павінен прайсьці ў Менску і Рызе. Фэдэрацыя заключыла трохбаковы кантракт з аргкамітэтамі краін, але за прамінулы час многае зьмянілася, сказаў Рэнэ Фазэль.
«IIHF занепакоеная здольнасьцю арганізатараў у Менску бясьпечна правесьці турнір ва ўмовах COVID-19. Таксама IIHF працягвае расьсьледаваньне сытуацыі вакол кіраўніка Фэдэрацыі хакею Дзьмітрыя Баскава. Акрамя таго, у краіне назіраюцца хваляваньні, якія выклікалі абгрунтаваныя асьцярогі з боку камандаў, заўзятараў і чыноўнікаў. Мы ня можам усё гэта ігнараваць, але ў нас ёсьць каманды і партнэры, якія хочуць знайсьці спосаб правесьці чэмпіянат сьвету ў 2021 годзе. Для вырашэньня гэтых праблемаў трэба было пачаць дыялёг з беларускім кіраўніцтвам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі фонд спартовай салідарнасьці адрэагаваў на «сяброўскія перамовы» Лукашэнкі і ФазэляПаводле прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею, былі агучаныя канкрэтныя патрабаваньні, якія дзяржава павінна выканаць, каб чэмпіянат сьвету прайшоў у Менску.
«Было абяцаньне знайсьці мірныя рашэньні для паляпшэньня сацыяльна-палітычнай сытуацыі ў краіне і даць усім беларускім спартоўцам магчымасьць вярнуцца ў свае віды спорту. Самае галоўнае, беларускі ўрад пагадзіўся на адкрыты дыялёг з апазыцыяй, каб вывесьці чэмпіянат сьвету з палітычнай плоскасьці і выкарыстоўваць спорт як сродак аб’яднаньня людзей», — расказаў Рэнэ Фазэль.
Пры гэтым ён выказаў шкадаваньне адносна нэгатыўнай рэакцыі, якую выклікалі фатаграфіі і відэа з сустрэчы — цёплыя абдымкі з Лукашэнкам і здымак з Баскавым, якога падазраюць у датычнасці да забойства актывіста Рамана Бандарэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітрыя Баскава, якога зьвязваюць з канфліктам, які прывёў да сьмерці Бандарэнкі, заўважылі ў навагоднім звароце Лукашэнкі«Калі ў кагосьці склалася ўражаньне, што была проста сяброўская сустрэча, то гэта не зусім так. Мы абмяркоўвала канкрэтныя і складаныя пытаньні, і чакаем, што ўрад Беларусі выканае патрабаванні IIHF. Мы хацелі пачаць абмеркаваньне з нашымі партнэрамі ў Беларусі — аргкамітэтам і ўрадам. Але гатовыя да дыялёгу з апазыцыяй і вітаем магчымасьць абмеркаваць, ці можа IIHF неяк дапамагчы палепшыць агульную сытуацыю», — паведаміў Рэнэ Фазэль.
Асабіста ў яго склалася ўражаньне, што многія людзі недаацэньваюць здольнасьць ўраду Беларусі рухацца наперад, мадэрнізаваць і прыняць новую Канстытуцыю. Таму асноўным варыянтам па-ранейшаму застаецца правядзеньне чэмпіянату сьвету ў Менску і Рызе. Хоць запасныя альтэрнатывы таксама не адкідаюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля жніўня гэта іншы чалавек». Былы трэнэр юнацкай хакейнай зборнай Беларусі — пра Баскава і сваю адстаўку«Наша задача проста зараз — даць радзе як мага больш інфармацыі, каб прыняць найлепшае рашэньне. Гэта ўключае ў сябе нашу комплексную праверку і ацэнку гатоўнасьці іншых краін прыняць такое мерапрыемства. Мы атрымалі прапановы з Даніі і вядзём перамовы са Славаччынай», — паведаміў Рэнэ Фазэль, панаракаўшы, што ў выпадку пераносу спаборніцтваў пагражаюць фінансавыя наступствы.
У канцы гутаркі ён закрануў тэму расьсьледаваньня IIHF адносна Дзьмітрыя Баскава.
«Беларусь пагадзілася супрацоўнічаць з IIHF і правесьці ацэнку ўсіх адпаведных паказаньняў сведак, відэа і іншых доказаў для перадачы Дысцыплінарнай радзе IIHF ў яго ўласным расьсьледаваньні. Яны прызналі сур’ёзнасьць гэтых абвінавачаньняў і паабяцалі сабраць усе магчымыя факты. IIHF працягне сваё незалежнае расьсьледаваньне і будзе чакаць атрыманьня доказаў ад генэральнага пракурора Беларусі», — падсумаваў Рэнэ Фазэль.