Бацька палітвязьня, актывіста анархічнага руху Міколы Дзядка Аляксандар Дзядок паведаміў Свабодзе, што скаргу на катаваньні падчас ягонага затрыманьня праваахоўныя органы не задаволілі. Сьледчы камітэт адмовіўся праводзіць праверку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы зьвярнуліся да спэцдакладчыкаў ААН аб Беларусі і аб катаваньнях у справе Міколы ДзядкаМікола ўжо два месяцы знаходзіцца пад вартай у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску праз абвінавачаньне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Паводле словаў самога Міколы адвакату, яго моцна пабілі падчас затрыманьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта бесчалавечна», — бацька палітвязьня Мікалая Дзядка зьвярнуўся да ўладаў«Учора прайшло роўна 2 месяцы з дня затрыманьня. Яго павінны былі альбо выпусьціць, альбо пачаць працэс. Ні таго, ні другога не адбылося. З гэтага выснова, што арышт працягнулі. На які тэрмін — невядома, дакумэнтаў мы пакуль ня бачылі»,— сказаў Свабодзе бацька Міколы Аляксандар Дзядок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятыва BYPOL вызначыла, хто адказны за затрыманьне палітвязьня Міколы ДзядкаПраваабаронцы «Вясны» зьвярнуліся да спэцдакладчыцы ААН аб Беларусі Анаіс Марэн і спэцдакладчыка аб катаваньнях Нільса Мэльцэра і заклікалі іх умяшацца ў сытуацыю.
Публіцыста і актывіста анархісцкага руху Міколу Дзядка затрымалі і моцна пабілі 12 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК у пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёну. Затым яму прад’явілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Сам актывіст не прызнае сябе вінаватым.
Аляксандар Дзядок расказаў Праваабарончаму цэнтру «Вясна», па факце якіх катаваньняў Мікалая ён падаў заяву ў Сьледчы камітэт і чаго патрабуе ад ведамства.
Пасьля затрыманьня Мікалая Дзядка 12 лістапада МУС паведамляла, што ён «публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках. Прэс-служба ведамства апублікавала відэа, на якім Мікалай Дзядок выглядае моцна пабітым.
«На такія зьдзекі яны атрымалі дазвол з самага верху»
Паводле бацькі Мікалая, увечары 12 лістапада да яго ў кватэру ўварваліся сем супрацоўнікаў ГУБАЗіК, пасьля чаго пачалі біць, пагражаць і катаваць Міколу:
«Нягледзячы на тое, што ён быў адзін у кватэры, не аказваў ім ніякага супраціву, быў бяззбройны і зусім не агрэсіўны, яго сталі біць, патрабуючы нейкіх прызнаньняў і паролі да кампутара і Telegram.
Да яго ўжываліся катаваньні з мэтай прыгняценьня яго волі, у тым ліку пагрозы больш жорсткага фізычнага гвалту. Да яго былі ўжытыя катаваньні газам, распыленым у твар, пры гэтым яго рукі былі скаваныя ззаду.
Усё гэта мне вядома з апублікаванага МУС відэа, з апавяданьняў Мікалая адвакату і з хадайніцтва адваката сьледчаму. Адвакатка бачыла на целе і на твары Мікалая множныя пашкоджаньні, атрыманыя падчас зьбіцьця ў кватэры і ў будынку ГУБАЗіКу ў Менску. Таксама супрацоўнікі ведамства пагражалі Мікалаю далейшым гвалтам, калі ён будзе расказваць аб злачынных дзеяньнях бандытаў з ГУБАЗіКу.
Яны, цынічна зьдзекуючыся зь Мікалая, паверыўшы ў сваю ўсёдазволенасьць і беспакаранасьць, паказалі жорстка пабітага імі чалавека па цэнтральным тэлебачаньні. Гэта сьведчыць аб тым, што на такія зьдзекі яны атрымалі дазвол з самага верху. Безь яго гэтыя баязьліўцы не паказалі б такое на тэлевізіі».