«Да суду яшчэ далёка». Адвакатка сустрэлася з Марыяй Калесьнікавай

Марыя Калесьнікава

12 студзеня з Марыяй Калесьнікавай у СІЗА на Валадарскага ў Менску бачылася адвакатка Людміла Казак.

8 студзеня Калесьнікаву перавялі ў Менск зь СІЗА ў Жодзіне.

6 студзеня стала вядома, што Марыя Калесьнікава застанецца пад вартай да 8 сакавіка.

«Сёньня працягвалася праца па справе, сутнасьць якой ёсьць сьледчай таямніцай, — сказала Свабодзе адвакатка. — Мы падалі скаргу на падаўжэньне ёй тэрміну ўтрыманьня пад вартай. Мяркую, што на гэтым тыдні скарга будзе разгледжана ў судзе Партызанскага раёну».

Адвакатка сказала, што ня можа назваць прычыну пераводу Марыі Калесьнікавай у Менск, бо дагэтуль ня бачыла адпаведнага афіцыйнага дакумэнту.

«Застаецца толькі здагадвацца, — сказала Свабодзе Людміла Казак. — Да суду яшчэ далёка, бо сьледзтва і ўтрыманьне пад вартай працягнутае да 8 сакавіка, таму наўрад ці блізкая судовая пэрспэктыва».

Свой перавод з Жодзіна ў Менск Марыя Калесьнікава назвала «рамантычнай паездкай на начным цягніку».

«Я нават ня ведала, што з Жодзіна ў Менск можна прыяжджаць на гэтым этапным цягніку. Яе разьмясьцілі ў асобным вагоне з кратамі і давезьлі да Менску», — сказала Людміла Казак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа зьняволеных журналістак «Белсату» Андрэевай і Чульцовай паступіла ў Фрунзэнскі суд Менску

Што да ўмоваў утрыманьня на Валадарскага, то Марыя «ні на што ня скардзіцца».

«Яна пакуль застаецца ў камэры адна, хоць сытуацыя можа мяняцца. Марыя называе ўмовы даволі прымальнымі. Адміністрацыя і пэрсанал ставяцца да яе паважліва і карэктна».

Паводле адвакаткі, са здароўем у Марыі «ўсё ў парадку».

«А настрой, відаць, нічым нельга сапсаваць. Яна настроена на актыўную барацьбу за свае правы, яна напісала скаргі па ўсіх пытаньнях, якія тычацца справы», — сказала адвакатка.

Людміла Казак сказала, што трапіць да абароннай праблем няма. Але ўмовы для сустрэч створаны ня вельмі добрыя, і наконт гэтага таксама пададзеныя скаргі.

«Выдзяляюцца кабінэты для сустрэч зь перагародкамі з аргшкла, і з-за гэтага немагчыма нармальна працаваць і размаўляць. Мы лічым, што гэта зьяўляецца процідзеяньнем для аказаньня ёй юрыдычнай дапамогі», — сказала адвакатка.

З гэтай нагоды Марыя Калесьнікава падала скаргу ў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў і ў Менскую гарадзкую пракуратуру. Такія ж скаргі накіруе і адвакатка.

«Яна лічыць, што гэта парушэньне яе правоў, а я лічу, што гэта таксама парушэньне права абаронцы. Бо ўмовы зносін з падабароннымі проста невыносныя. Ясна, што яны ня самі гэта прыдумалі, але выглядае даволі дзіўна», — сказала Людміла Казак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сваім жыцьцём я буду распараджацца сам». Блогер Лосік адмаўляецца спыняць галадоўку

«Лістоў ад Калесьнікавай няма»

Марыя Б., якая актыўна перапісваецца з палітвязьнямі, сказала Свабодзе, што дагэтуль не атрымала ніводнага ліста ад Марыі Калесьнікавай.

«Лісты не вярнуліся. Калесьнікавай я пісала ў верасьні, лістападзе, сьнежні і вось учора напісала ўжо ў СІЗА-1», — сказала яна.

Наогул Марыя не атрымлівае лістоў ад вязьняў зь СІЗА КДБ.

«Напісала больш за 200 лістоў Бабарыку-старэйшаму — ён атрымаў 4 лісты і адказаў. І быў адзін адказ ад Купрэевай. Больш зь СІЗА КДБ мне адказаў не было».

Марыю Калесьнікаву затрымалі 8 верасьня ў Менску і спрабавалі вывезьці зь Беларусі. Яна парвала свой пашпарт і адмовілася пакідаць краіну. Калесьнікаву зьмясьцілі ў СІЗА № 1 Менску, яе падазраюць па крымінальнай справе, пачатай па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу. 12 верасьня Калесьнікаву перавялі ў жодзінскую турму.

16 верасьня Марыі прад’явілі абвінавачаньне па ч. 3 арт. 361 (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту).

Абарона настойвае, што дзеяньні Калесьнікавай накіраваныя не на прычыненьне, а на прадухіленьне шкоды нацбясьпецы, паведаміла прэс-служба Віктара Бабарыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У наступным годзе нашае жаданьне збудзецца». Марыя Калесьнікава перадала навагодняе віншаваньне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся працэс над палітвязьнем Няронскім, гэта першы суд у «справе Ціханоўскага». Сьледзтва ішло 8 месяцаў