З ініцыятывай ліста на плятформе Сhange.org выступіла Юлія Абасава — хакеістка ў амплюа брамніцы, маркетоляг паводле адукацыі.
«Я люблю хакей усім сэрцам ад самага дзяцінства. Як мянчанка і энтузіястка гэтага віду спорту зь нецярпеньнем чакала чэмпіянату сьвету-2021. Але сёньня я прашу не закрываць вочы на тое, што турнір плянуецца ў краіне крывавага рэжыму. Не кампрамэтуйце МФХ і хакей у цэлым у вачах сусьветнай супольнасьці», — зьвяртаецца спартоўка да кіраўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі хакею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі фонд спартовай салідарнасьці адрэагаваў на «сяброўскія перамовы» Лукашэнкі і ФазэляАктыўнасьць падпісантаў рэзка ўзрасла пасьля таго, як напярэдадні ў Менск наведаўся кіраўнік гэтай арганізацыі Рэнэ Фазэль. Ён цёпла размаўляў з Аляксандрам Лукашэнкам і старшынёй Беларускай фэдэрацыі хакею Дзьмітрыем Баскавым, якога падазраюць у датычнасьці да выкраданьня і забойства актывіста Рамана Бандарэнкі.
Таксама хакейны функцыянэр наведаў матч КХЛ з удзелам менскіх дынамаўцаў. Ён паўтарыў, што спорт павінен заставацца па-за палітыкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Латвія адмовіцца — правядзём самастойна», — Лукашэнка пераконвае Фазэля праводзіць хакейны чэмпіянат у Беларусі«Задача ліста — зьвярнуць увагу спартовай грамадзкасьці на жудасны гвалт з боку ўладаў і пазбавіць дыктатарскі рэжым права на сьвята такога ўзроўню, — адзначае Юлія Абасава. — Бо калі крывавы рэжым Лукашэнкі застанецца, да пачатку турніру ў Менску многія незаконна арыштаваныя ўжо будуць асуджаныя і кінутыя ў турмы. Ніякае спаборніцтва ня мае большага значэньня, чым жыцьці людзей».
Паводле аўтаркі пэтыцыі, пазыцыя адносна правядзеньня чэмпіянату сьвету можа быць перагледжаная толькі ў адным выпадку — пасьля зьмены нелегітымнага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітры Навоша: «Рэнэ Фазэль нарываецца на вялікі міжнародны скандал»«Мы будзем вітаць правядзеньне чэмпіянату ў Менску, калі адбудзецца зьмена ўлады, усе палітвязьні выйдуць на волю, а выпадкі арыштаў дзясяткаў тысяч мірных беларусаў, зьбіваньня да сьмерці, катаваньняў, згвалтаваньняў і іншых фактаў беззаконьня пачнуць расьсьледаваць. Калі ж Лукашэнка застанецца, турнір стане поўным цынізмам з боку ІІХФ у адносінах да беларускага народу», — лічыць Юлія Абасава.
Старт чэмпіянату сьвету па хакеі-2021 заплянаваны на апошнюю дэкаду траўня ў Менску і Рызе. Кіраўніцтва Латвіі ўжо папярэдзіла, што адмовіцца ад сваёй часткі спаборніцтваў, калі Беларусь не пазбавяць такога права. Пра байкот кажуць і прадстаўнікі іншых краінаў.