Больш за 60 кампаніяў зь Беларусі вядуць перамовы аб пераезьдзе ў Літву, — літоўскае міністэрства эканомікі

Парк высокіх тэхналёгіяў, Менск

Пра перамовы паведаміла міністарка эканомікі і інавацыяў Аўшрыне Арманайце. Яе словы прыводзіць партал Delfi са спасылкай на агенцтва BNS

Паводле міністаркі, летась дзеяньні беларускага рэжыму вымусілі прадпрымальнікаў зьяжджаць за мяжу.

«Сёньня беларускія кампаніі ўжо засноўваюцца ў Літве, таксама больш за 60 кампаніяў вядуць перамовы аб магчымасьцях пераезду ў Літву. Таму мы павінны захоўваць тэмп і працягваць удасканаленьне рэгуляваньня бізнэсу, каб у вачах суседніх краін мы выглядалі як найбольш прывабныя і перамагалі ў канкурэнтнай барацьбе», — адзначыла Арманайце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апэратыўнікам дазволілі атрымліваць інфармацыю з кампутараў праз аддалены доступ

З пачатку пратэстаў у Беларусі, акрамя кампаніі Epam Systems, аб плянах ўладкавацца ў Літве заявілі і іншыя беларускія кампаніі — Wargaming, Flo Health, Coherent Solutions, Godel Technologies.

Кіраўнік агенцтва прыцягненьня замежных інвэстыцыяў у Літве Investuok Lietuvoje Мантас Кацінас выказаў меркаваньне, што выбар на карысьць Літвы, які робіць такі стваральнік гульнявых прыкладаньняў для смартфонаў, як Wargaming, дазваляе спадзявацца на значнае разьвіцьцё ІТ-індустрыі ў Літве.