Былы губэрнатар Каліфорніі і славуты актор у звароце расказаў пра сваё дзяцінства ў пасьляваеннай Аўстрыі; пра псыхалягічныя траўмы, якія атрымалі людзі, у тым ліку яго ўласныя бацькі, што ў свой час паверылі Адольфу Гітлеру і нацыстам.
Радыкальных прыхільнікаў Трампа Шварцэнэгер параўнаў з нацыстамі, а штурм Капітолія — з Крыштальнай ноччу, масавым габрэйскім пагромам у нацысцкай Нямеччыне ў 1938 годзе. Па словах Шварцэнэгера, сам ён ня верыць, што ў ЗША магчымая перамога аўтарытарызму, аднак для таго, каб ёй перашкодзіць, неабходна абараняць дэмакратыю, дэмакратычныя каштоўнасьці і інстытуты.
Трампа ён назваў найгоршым прэзыдэнтам у гісторыі і заклікаў рэспубліканцаў — сваіх калегаў па партыі — дыстанцыявацца ад яго. Таксама ён заклікаў усіх амэрыканцаў падтрымаць абранага прэзыдэнта Джо Байдэна і дапамагчы яму ў аб’яднаньні нацыі вакол прынцыпаў дэмакратыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спроба другога імпічмэнту Трампа: разьвіцьцё падзеяўДэмакраты ў Палаце прадстаўнікоў заяўляюць, што рыхтуюць імпічмэнт Трампа, якога яны абвінавачваюць у падбухторваньні да мяцяжу. Трамп не прызнаў перамогі свайго апанэнта Байдэна на выбарах і на мітынгу 6 студзеня заклікаў сваіх прыхільнікаў ісьці да Капітолія, аднак прама не заклікаў да яго штурму.
Шэраг рэспубліканцаў асудзілі Трампа, аднак большасьць, асудзіўшы напад на Капітолій, устрымліваюцца ад крытыкі прэзыдэнта.