Куба тэстуе сваю вакцыну супраць COVID-19 у Іране

Вакцынацыя ў Іране

Кубінскі дзяржаўны навукова-дасьледчы інстытут заяўляе, што падпісаў пагадненьне з іранскім інстытутам Пастэра аб тэставаньні ў Іране прэпарата — кандыдата на вакцыну COVID-19.

Паведамленьне Інстытуту вакцыны Фінлі (IFV) 9 студзеня было зроблена на наступны дзень пасьля таго, як вярхоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі забараніў увоз вакцын, вырабленых у ЗША ці Брытаніі, якія ён назваў «ненадзейнымі».

Па словах кубінскіх навукоўцаў, новае пагадненьне адкрыла шлях да трэцяга этапу клінічных выпрабаваньняў, які дапаможа «хутчэй рухацца наперад у галіне імунізацыі супраць COVID-19 у абедзьвюх краінах». На іх думку, немагчыма правесьці гэтае дасьледаваньне на Кубе празь «нястачу выпадкаў». Афіцыйна сярод 11 мільёнаў чалавек у краіне выяўлена толькі каля 14 000 хворых на COVID-19.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэр Ірану забараніў імпарт вакцын ад COVID-19 з ЗША і Брытаніі

У Іране пацьверджана амаль 1,3 мільёна выпадкаў заражэньня каранавірусам, больш за 56 тысяч чалавек памерлі.

Раней Чырвоны Паўмесяц заяўляў, што з прычыны забароны Хамэнэі 1500 дозаў вакцыны Pfizer, перададзеных амэрыканскімі філянтропамі, ня будуць дастаўленыя ў Іран.

Рашэньне ўраду Ірану скрытыкавала і «Міжнародная амністыя», назваўшы яго «неабгрунтаваным» і прынятым «у адпаведнасьці з даўнім ігнараваньнем уладамі правоў чалавека, уключаючы права на жыцьцё і здароўе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BBC: Іран занізіў колькасьць памерлых ад COVID-19 амаль у тры разы

Супраць урадаў абедзьвюх краінаў уведзеныя жорсткія санкцыі ЗША. Ёсьць спрэчкі наконт таго, наколькі такія захады, якія, як чакаецца, будуць распаўсюджвацца і на лекі, могуць паўплываць на пастаўкі вакцынаў.