Трактарыст-блогер Яўген Васількоў распавёў Свабодзе пра прычыны свайго ад’езду ў Латвію. Там ён папрасіў палітычнага прытулку.
Зьяжджаць з Беларусі ён не хацеў.
«Але ў мяне не было выбару... Міліцыя склала пратакол за экстрэмізм. Пагражалі мне за тое, што я здымаю ролікі пра бардак у Хойніцкім раёне. Міліцыянты сказалі, што праз такую дзейнасьць у нас могуць забраць дзіця, якое мы ўсынавілі, бо яна сірата, і ёй няма яшчэ і пяці гадоў», — распавёў Яўген Васількоў.
У Латвіі ён атрымаў падтрымку — і ад уладаў, і ад беларускай дыяспары.
«Умовы тут нармальныя, не прападзём, я думаю. Тут, у Латвіі, сустрэўся з такімі людзьмі, ня тое, што я трактарыст, а рэжысэры, спартоўцы, адвакаты, людзі, якія зьехалі з дзецьмі... Спадзяюся, што змагу вярнуцца дахаты, хоць так бачу, што ўсё зацягнулася», — дадаў Яўген.
Увосень 2020 году Яўген Васількоў праз палітыку адсядзеў «суткі», страціў працу. Пасьля выбараў ён удзельнічаў у акцыях пратэсту ў Хойніках.
У сьнежні 2020 году на Яўгена Васількова міліцыя склала пратакол за «экстрэмізм». Так міліцыя расцаніла перадрук матэрыялаў на канале «Хойнікі для жыцьця» з тэлеграм-каналу, які ў Беларусі афіцыйна прызналі экстрэмісцкім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Хойнікамі міліцыя затрымала аўтара YouTube-канала «Хойнікі для жыцьця»Яўген Васількоў жыў у вёсцы Віць Хойніцкага раёну, працаваў трактарыстам. Шырокую грамадзкасьць ён набыў пасьля роліку, у якім разважаў пра несумленныя выбары з пункту погляду вяскоўца. 3 жніўня яго затрымала міліцыя за «непадпарадкаваньне».
Яўген атрымаў па рашэньні суду 10 дзён арышту. Гэты арышт выклікаў рэзананс. Людзі пачалі акцыю дапамогі сям’і трактарыста — пералічвалі грошы, перадавалі рэчы для дзяцей.
Пазьней Яўген страціў працу. Ён удзельнічаў у акцыях пратэсту ў Хойніках, вёў youtube-каналы «Хронікі мэханізатара» і «Хойнікі для жыцьця».
У апошніх роліках аўтар блогаў засяродзіўся на безгаспадарчасьці і гібеючых вёсках у Хойніцкім раёне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Так з рукамі ў мазуце і забралі». У Хойніках асудзілі трактарыста-блогера Яўгена Васількова