Інтэрнэт-выданьне EUobserver 4 студзеня паведаміла, што Лукашэнка мог плянаваць палітычныя забойствы ў Нямеччыне ў 2012 годзе. Ахвярамі павінны былі стаць Алег Алкаеў, Уладзімер Барадач, Вячаслаў Дудкін і Павал Шарамет.
У распараджэньні журналістаў EUobserver аказаўся 24-хвілінны ўрывак аўдыёзапісу ад красавіка 2012 году. Галасы на ім належаць, імаверна, Вадзіму Зайцаву (на той момант — старшыні КДБ Беларусі) і прадстаўнікам падразьдзяленьня спэцназу «Альфа». Аўдыёзапіс інтэрнэт-выданьню перадаў былы супрацоўнік антытэрарыстычнага спэцпадразьдзяленьня «Алмаз» Ігар Макар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і КДБ плянавалі забойствы апанэнтаў у Нямеччыне? Расьсьледаваньне EUObserverПракамэнтаваць зьяўленьне аўдыёзапісу, а таксама расьсьледаваньне палітычных забойстваў і выкраданьняў людзей у Беларусі «Голас Амэрыкі» папрасіў юрыста, праваабаронцу, былога сьледчага Алега Волчака, які прадстаўляе інтарэсы сям’і экс-кіраўніка МУС Беларусі Юрыя Захаранкі, зьніклага ў траўні 1999 года.
— Як вы можаце пракамэнтаваць зьяўленьне гэтага аўдыёзапісу?
— Для мяне гэта не навіна. Я яшчэ ў 2012 годзе гаварыў з Алегам Алкаевым, ён мне гаварыў па тэлефоне, што да яго прыстаўленая ахова і ёсьць нейкія пагрозы. Мы тады падумалі — можа, гэта проста каб напалохаць яго ці яшчэ нешта. Але тады паліцыя сапраўды яго ахоўвала. А потым пра гэта ўсе забыліся. Я лічу, што інфармацыя, якая зьявілася ў EUobserver, вельмі сурʼёзная, і яе трэба сьледчым шляхам правяраць.
— Што гэта дадае да расьсьледаваньня забойства журналіста Паўла Шарамета?
— Я разумею, як цяжка цяпер будзе ўкраінскай паліцыі, я гэта бачу як былы сьледчы. Мяняецца кірунак расьсьледаваньня. Справа фактычна рыхтуецца да суда, а атрымліваецца, што трэба нанова дапытваць людзей. Ці будуць супрацоўнічаць беларускія ўлады з украінскай пракуратурай па допыце ўсіх гэтых асобаў? Гэта пытаньне. Мне здаецца, што не дадуць. Хоць цяпер, у час тэхналёгіяў, ёсьць іншыя спосабы збору інфармацыі. І мне здаецца, што будуць яшчэ падобныя аўдыёзапісы ўсплываць. Відавочна што яны ня проста так зьявіліся цяпер. Магчыма, сілавікі паміж сабой змагаюцца, каб не было калектыўнай адказнасьці. Акрамя таго, вы зразумейце, што людзі да гэтага часу не супакоіліся, іх не атрымалася загнаць па дамах, яны выходзяць на вуліцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Камісар паліцыі Бэрліна папярэдзіла, што рыхтуецца маё забойства» — Алкаеў пра пляны Лукашэнкі і КДБ— Гэта значыць, гэтыя стужкі могуць быць нейкім сыгналам?
— Так, гэта сыгнал, і такія сыгналы паступаюць ужо на працягу двух-трох месяцаў. Бачыце, і па забойстве Бандарэнкі ўсплылі прозьвішчы датычных. Што ж тычыцца гэтага аўдыёзапісу, ён відавочна не пастановачны, гэта абсалютна натуральная гутарка. Але ўявіце ўзровень праслухоўваньня, калі праслухоўваюць кабінэт старшыні КДБ!
— Вы неаднойчы гаварылі, што без расьсьледаваньня палітычных забойстваў і зьнікненьняў рэфармаваньне Беларусі немагчымае, і, напэўна, гэта як ніколі актуальна менавіта цяпер, падчас пратэстаў. Ці ёсьць надзея на тое, што нераскрытае будзе раскрыта?
— Ужо і да мяне выступалі сьледчыя, якія зьбеглі за мяжу, і сьледчыя, якія звольніліся. Усе кажуць, што разлом у самой сыстэме сьледзтва і пракуратуры адбыўся. Павольна, але адбыўся. Ніхто не хоча несьці нават ускосную адказнасьць, не кажучы ўжо пра наўпроставую. Будуць яшчэ ўсплываць матэрыялы. Як мне казаў стары опэр яшчэ ў 90-я, любое забойства раскрываецца, трэба толькі час. Усе зараз зьбіраюць кампрамат, каб пасьля абяліць сябе, сказаць: «Я ня быў датычны». Расьсьледаваньні будуць, тым больш, гэта ўжо прыняло міжнародны характар. Мы бачым, як актыўна штаб Ціханоўскай у гэтым пляне працуе. Трыбунал ёсьць, які вядзе маніторынг гэтых справаў. І не забудзьцеся пра чатыры гучныя забойствы апошніх дваццаці гадоў: Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадзкі. Вялікае кола давядзецца расьсьледаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Голас на запісе, які патрабуе забіць Шарамета, апазналі Ірына Халіп і Андрэй СаньнікаўУ 2001 годзе былыя сьледчыя Алег Случак і Зьміцер Петрушкевіч, калі выехалі ў ЗША, расклалі ўсё па палічках і сьледзтву толькі заставалася ўсталяваць усё гэта сьледчым шляхам: дапытаць міністраў, супрацоўнікаў спэцслужбаў. Пасьля гэтыя справы фактычна не вяліся. Сьледзтва было прыпыненае. Але ў 2019 годзе былы баец беларускага САХРу Юрый Гараўскі заявіў, што ён датычны да забойства Захаранкі, Ганчара, Красоўскага. Справу аднавілі, тры месяцы ішло расьсьледаваньне, але потым мы атрымалі адпіску — справу прыпынілі «у сувязі з невысьвятленьнем асобаў, датычных да выкраданьняў». Хоць незалежныя журналісты знайшлі гэтых людзей, пра якіх казаў Гараўскі. Усе яны працуюць у Беларусі, займаюць пэўныя пасады. Усе яны адмовіліся ад камэнтароў. І што самае цікавае — пракуратура, па нашых дадзеных, не зьвярталася ні ў Нямеччыну, ні ў Аўстрыю, каб Гараўскага дапыталі наконт яго заяваў.
— У гэтым годзе споўнілася 20 гадоў з моманту зьнікненьня апэратара Дзьмітрыя Завадзкага.
— Так, і па гэтай справе таксама ўсё глуха. Усе справы прыпыненыя ў сувязі з тым, што асобы, якія маюць дачыненьне да зьнікненьняў, не ўстаноўленыя.
— Некалькі дзён таму, пасьля выхаду стужкі «Нямецкай хвалі» аб палітычных забойствах у Беларусі, да вас прыходзілі з ператрусам. З чым ён быў зьвязаны?
— У 500 мэтрах ад майго дому быў знойдзены труп, і пасьля гэтага да мяне адразу прыйшлі з ператрусам. Хоць больш ні ў каго ў раёне ператрус не праводзілі. Я думаю, мяне хацелі напалохаць, каб я ня вёў грамадзкае сьледзтва. Праз два дні знайшлі рэальнага забойцу, і ўсё спынілася, але прабачэньняў мне ніхто не прынёс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BY_Pol: пасьля прэзыдэнцкіх выбараў з органаў унутраных спраў звольніліся 1074 чалавекі— Калі вяртацца да таго, што адбываецца цяпер — як расьсьледуюцца забойствы, якія адбыліся ўжо падчас пратэстаў? Забойства Тарайкоўскага, Бандарэнкі.
— Калі адбываецца забойства, справа павінна неадкладна ўзбуджацца, у крайнім выпадку тэрмін можа падаўжацца да трох месяцаў, калі ёсьць сумневы. Але, як мы бачым, прайшло ўжо больш за тры месяцы, ніводнай справы не распачалі. І наогул незразумела — што яны расьсьледуюць і як. Перад сваякамі ніхто не здае справаздачу, ім нічога не гавораць.
Беларускае грамадзтва моцна памянялася за гэтыя паўгода. Некаторыя сталі выходзіць на пратэсты толькі цяпер. Але развароту ў адваротны бок ужо не будзе: занадта шмат адбылося гвалту і беззаконьня, мірыцца з гэтым ужо ніхто не захоча. Барацьба будзе працягнутая. Час старой эліты праходзіць. Усё можа скончыцца вясной ці восеньню, але вярнуцца назад ужо дакладна не атрымаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўны рэдактар «УП»: Мы ніколі не выключалі датычнасьці беларускіх і расейскіх спэцслужбаў да забойства Шарамета