Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BY_Pol: пасьля прэзыдэнцкіх выбараў з органаў унутраных спраў звольніліся 1074 чалавекі


Начальнік падразьдзяленьня ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў са сваімі падначаленымі
Начальнік падразьдзяленьня ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў са сваімі падначаленымі

У рукі ініцыятывы By_Pol, якая займаецца расьсьледаваньнямі злачынстваў, учыненых сілавікамі супраць мірных пратэстоўцаў у пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, трапіў аналітычны агляд кадравага забесьпячэньня ў сыстэме МУС за 9 месяцаў 2020 году.

Аўтар сакрэтнага дакумэнту — начальнік упраўленьня каардынацыі і ўзаемадзеяньня падразьдзяленьняў кадраў і ідэалягічнай працы МУС палкоўнік Аляксандар Мазур.

Ініцыятыва адзначыла, што атрымала зьвесткі, якія мусілі ісьці пад грыфам «сакрэтна» насуперак абвешчанай у ведамстве кампаніі прадухіленьня працёкаў службовай інфармацыі.

На 1 студзеня 2020 году колькасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у Беларусі складала 46 128 чалавек. Лічба прыводзіцца без уліку цывільнага пэрсаналу і вайскоўцаў тэрміновай службы ўнутраных войскаў.

З дакумэнту вынікае дакладная штатная колькасьць асобных падразьдзяленьняў:

  • раскрыцьцё злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгіяў — 163 чалавекі
  • крымінальны вышук — 2457
  • наркакантроль і супрацьдзеяньне гандлю людзьмі — 550
  • барацьба з эканамічнымі злачынствамі — 886
  • участковыя інспэктары міліцыі — 3036
  • ДАІ — 3341
  • апэратыўна-дзяжурная служба — 1112
  • патрульна-паставая служба міліцыі — 2099
  • ГУБАЗіК — 360
  • дэпартамэнт выкананьня пакараньняў — 5427
  • дэпартамэнт аховы — 11 505
  • супрацоўнікі ва ўстановах адукацыі — 729
  • унутраныя войскі (без уліку вайскоўцаў тэрміновай службы) — 6716.
Сакрэтны дакумэнт, які трапіў да ініцыятывы By_Pol
Сакрэтны дакумэнт, які трапіў да ініцыятывы By_Pol

Пры гэтым робіцца ўсё больш відавочным кадравы дэфіцыт. На працягу 9 месяцаў мінулага году 2 091 супрацоўнік звольніўся з органаў, толькі ў трэцім квартале адбыўся 51,4% звальненьняў (1 074 чалавек). Як падкрэсьлівае ініцыятыва, акурат у пэрыяд і непасрэдна пасьля правядзеньня выбарчай кампаніі.

Справы супраць міліцыянтаў сталі рэкордна рэдкімі

За прааналізаваныя 9 месяцаў зьнізілася колькасьць злачынстваў з удзелам асабістага складу, іх зафіксавалі толькі 28, хаця ў 2019-м за аналягічны пэрыяд такіх было 120. Да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнулі толькі 841 чалавека, хоць за такі самы пэрыяд у 2019-м супрацоўнікі органаў унутраных справаў прыцягваліся да яе 1443 разы. Істотна, больш як на чвэрць, упала і колькасьць зарэгістраваных выпадкаў парушэньня працоўнай дысцыпліны.

Ініцыятыва пракамэнтавала, чым абумоўлена такое рэзкае зьніжэньне, якое дало самыя нізкія лічбы за апошнія 10 гадоў.

«Дадзеныя паказьнікі сьведчаць не аб станоўчай дынаміцы, як сьцьвярджаецца ў дакумэнце, а аб тым, што ў МУС з пачатку году ўстанавілі негалосную забарону на прыцягненьне супрацоўнікаў да розных відаў адказнасьці на фоне масавых звальненьняў супрацоўнікаў».

Па інфармацыі By_pol, дадзеную забарону замацавала распараджэньне МУС № 6дсп ад 18 жніўня «Аб стабілізацыі маральна-псыхалягічнага клімату і захаваньня кадравага ядра».

Нягледзячы на шматлікія зафіксаваныя дакумэнтальна выпадкі гвалту з боку сілавікоў, па ніводным такім факце супраць іх не пачалі крымінальнай справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG