«Ігар як сымбаль беларускага грамадзтва». Жонкі Лосіка, Севярынца і Статкевіча — пра галадоўку як крайні крок

Ігар Лосік

Жонка палітвязьня Ігара Лосіка Дар’я Лосік заклікае людзей пісаць лісты свайму мужу з заклікам спыніць галадоўку пратэсту. Дарʼя і жонкі палітвязьняў Статкевіча і Севярынца Марына Адамовіч і Вольга Севярынец — пра вынік галадовак у гісторыі беларускага пратэсту, і іх наступствы для грамадзтва.


Сьцісла:

  • Дарʼя Лосік: Адзінае, пра што я хачу папрасіць, каб як мага больш людзей пісала Ігару лісты з просьбай спыніць галадоўку. Бо маёй дачцэ патрэбны бацька, а мне патрэбны муж.
  • Марына Адамовіч: Мікалай разглядае галадоўку як крайнюю форму пратэсту. Калі пачынае, то трэба ісьці да канца, але зразумела, што памерці ніхто ня дасьць падчас галадоўкі. Магчыма, нават прымусова будуць выводзіць з галадоўкі.
  • Вольга Севярынец: У Беларусі адзіная мэта, якую можа даць галадоўка, прыцягненьне ўвагі грамадзтва і сьвету. У нашых умовах гэта ўжо вельмі шмат. Ігар ня толькі да сваёй праблемы ўвагу прыцягае.


«Доктар сказаў Ігару, што галадаць нават карысна»

— Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» і фрылансэр-кансультант беларускай службы «Радыё Свабода» Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі 196 дзён. Яго галадоўка працягваецца ўжо 24 дні. Такім чынам Ігар пратэстуе супраць новых абвінавачваньняў у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Дарʼя спачатку сама трымала галадоўку пратэсту разам з мужам, потым спыніла яе. Дарʼя, што вядома на сёньня пра стан здароўя Ігара і ягоную справу?

Дарʼя Лосік: 6 студзеня я была ў Ігара. Наконт стану здароўя сказаў, што скаргаў няма. Адвакат сказаў, што ён вельмі бледны, што ня дзіўна для такога тэрміну галадоўкі. Да яго ходзіць доктар, мерае яму рэгулярна ціск. Адзін раз бралі кроў на аналіз, але вынікаў не паведаміў, мералі вагу. Кожны дзень заходзяць і цікавяцца, як ён сябе адчувае. На мінулым тыдні доктар сказаў, што галадаць нават карысна. Магчыма, гэта паніка, прыкрытая маскай цынізму.

Палітвязень Ігар Лосік і яго жонка Дар'я Лосік. Архіўнае фота.

Сьледчыя дзеяньні да серады не праводзіліся. 11 студзеня будзе абскарджана ягонае знаходжаньне пад вартай. Ігар кажа, што не адчувае голаду, пʼе толькі прэпарат нормагедрон. Часам крыху разводзіць сабе аскарбінавай кіслаты. У Ігара гастрыт, але ён цяпер на гэта ня скардзіцца. Я баюся, што знаходзячыся ў такім стане столькі дзён, ён можа чагосьці і не заўважыць у сваім здароўі. Мне падаецца, нейкі працэс адбываецца, але ён яго пакуль не заўважае. Спадзяюся ўсё ж пераканаць яго, каб ён спыніў галадоўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Любоў да дачкі дае мне сілы трымацца». Ігар Лосік галадае ўжо 21 дзень

«Павал піша казку Францішку пра двух анёлаў»


— 7 студзеня споўнілася 7 месяцаў, як за кратамі знаходзіцца сустаршыня БХД палітвязень Павал Севярынец. Яго трымаюць на Валадарцы. І свой дзень нараджэньня, і Новы год, і сьвята Божага нараджэньня Павал сустрэў за кратамі. Павал адсядзеў у сукупнасьці каля 7 гадоў за кратамі цягам кіраваньня Лукашэнкі. Вольга, якія апошнія навіны ад Паўла і яго адваката?

Вольга Севярынец з мужам Паўлам Севярынцам. Архіўнае фота.

Вольга Севярынец: 20 сьнежня Паўлу працягнулі час утрыманьня за кратамі пад сьледчым працэсам, хоць мы ведаем, што ніякага сьледчага працэсу там не адбываецца. Ніякіх зьвестак пра тое, што будзе суд, няма. Павал проста сядзіць пакуль што. Навіны ад яго — толькі пра турэмнае жыцьцё, яго цяжкасьці і радасьці. На Акрэсьціна яму згубілі боты, ён застудзіў калені, і на Валадарцы змагаецца з болямі ў каленях, зрабіў са шкарпэтак нейкія накаленьнікі, каб лягчэй было. Ён сядзіць у старым корпусе, і ніжнія ярусы гэтага корпусу затопленыя вадой, у іх у камэры камары праз вільготнасьць.

Піша казку Францішку пра двух анёлаў, якія абараняюць хлопчыка Франка. Мы чакаем кожны ліст і чытаем у ім казку ад таты. Працягвае пісаць свой раман, піша пра неверагодную хвалю салідарнасьці, такую ніколі не адчуваў у мінулыя адседкі. Да 30 лістоў прыносяць кожны дзень, і ён не пасьпявае нават на іх адказваць, але стараецца на кожны адказаць. Нашу перадачы яму раз на тыдзень, пішу ўвесь час заявы на спатканьне і тэлефонныя размовы, але адмаўляюць увесь час. Адвакатка ходзіць да яго раз на два тыдні. Сядзіць удвох у камэры з чалавекам, які чакае на дэпартацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўла Севярынца пакінулі за кратамі яшчэ на два месяцы


«Перад сьвятамі ў іх форма катаваньня — шансон»

— У сьледчай турме № 8 у Жодзіна знаходзіцца палітвязень, былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч, які за кратамі ад 31 траўня. Днямі яму працягнулі арышт да 29 сакавіка. З больш чым 26 гадоў знаходжаньня Лукашэнкі ва ўладзе 8 гадоў Мікалай правёў за кратамі. Марына, што вядома пра Мікалая, пра ўмовы яго зьняволеньня, пра настрой і стан здароўя.

Кандыдаты пратэсту» Мікола Статкевіч і Марына Адамовіч падаюць заявы ў ЦВК. 15 траўня 2020 году.

Марына Адамовіч: Напярэдадні ўручэньня прэміі Эўрапарлямэнту імя Сахарава Мікалаю зьмянілі артыкул, другі раз ужо зьмянілі — 293. частка 2. Гэта робіцца дзеля таго, каб працягнуць тэрмін трыманьня пад вартай. Гэтыя цяжкія артыкулы дазваляюць трымаць вязьняў да паўтара году са згоды пракурора. 23 сьнежня напярэдадні каталіцкіх Калядаў (яны чамусьці вырашылі, што Мікалай каталік) працягнулі тэрмін утрыманьня да 29 сакавіка. Усё астатняе, што там адбываецца — з разраду дробных «гнуснасьцяў».

Перад сьвятамі ў іх форма катаваньня — шансон, ура-патрыятычныя сьпевы, пра якія Мікалай выказаў меркаваньне, што, мабыць, тэндэр на іх напісаньне выйграла МУС, а пісалі «красаўцы», седзячы ў аўтазаках, бо ім усё роўна рабіць няма чаго. Гэтыя «цудоўныя» сьпевы ішлі ў рэжыме нон-стоп, ледзь не 24 гадзіны на суткі праз рэпрадуктар канкрэтна ў ягоную камэру, адключыўшы дынамікі ў суседніх камэрах. На працягу перадкаляднага, каляднага і навагодняга тыдня было такое выпрабаваньне. Пры гэтым у мяне не прынялі берушы, але Мікалай, безумоўна, прыстасаваўся. Ён вынайшаў ноўхаў, які іх можна зрабіць з кубку для посуду. Пасьля новага году гэтае катаваньне спынілася.

Your browser doesn’t support HTML5

8 год у турме. Марына Адамовіч пра мужа — палітвязьня Міколу Статкевіча

Сапраўды, за ўсе гэтыя цяжкія гады неверагодная хваля салідарнасьці. Вялікая колькасьць лістоў прыходзіць, калі іх не блякуюць. Я думала, што напярэдадні сьвятаў ён не атрымае ніводнага ліста, як гэта было зь днём народзінаў, калі яму не перадалі ніводнай віншавальнай паштоўкі, тэлеграмы і ліста на Валадарскага. Цяпер, я ведаю, што лісты ідуць, іх багата. Мікалай кажа, што яны вельмі нефармальныя, цёплыя. Як і Вольга, я атрымліваю стандартныя, рэгулярныя адмовы на свае просьбы аб спатканьні з мужам.

«Галадаць больш за 20 дзён — гэта страшна»


— Дарʼя, 24-ты дзень галадоўкі — гэта вельмі сурʼёзны тэрмін. Што вядома пра ўмовы галадоўкі, пра стан здароўя Ігара, ці мае ён усё неабходнае для правядзеньня галадоўкі? Ці ёсьць нагляд лекара? Ці могуць яго вывесьці з галадоўкі прымусова?

Дарʼя Лосік: Наконт неабходных умоваў сумняюся, калі доктар яму сказаў, што галадаць нават карысна. Ня буду ставіць пад сумнеў кампэтэнтнасьць доктара, але галадаць больш за 20 дзён — гэта страшна. Мне дазволілі перадаць толькі нормагідрон. Я хацела перадаць зёлкавыя чаі, але ў Жодзінскай турме не прымаюць зёлкавыя чаі, а рамонак у іх увогуле пад забаронай. Хацела перадаць чорны чай зь мэлісай, але літаральна ўчора мне сказалі, што я ў яго падсыпала рамонак, і не прынялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Ігар Лосік галадае дваццаты дзень. Ён прыслаў з турмы свой партрэт, намаляваны сукамэрнікам

Калі я прыводжу ў Жодзіна рамонкавы чай, файлы для дакумэнтаў, куртку з капюшонам — гэта ўсё нельга. Чаму канкрэтна — незразумела. Ужо паўгоду я не спрабую шукаць лёгікі ў жодзінскай турме, бо яе як такой проста няма. Нельга таму што нельга. Што да візытаў лекара. Той пытацца, ці нармальна сябе адчуваеш, Ігар адказвае, што нармальна. Лекарскім кантролем за чалавекам, які трымае галадоўку 24-ты дзень, гэта назваць складана. Жывы, адказвае — значыць нармальна. Я скептычна стаўлюся да іх псэўдаклопату пра майго мужа.

Пра досьвед галадовак Статкевіча


— Мікола і Павал маюць вялікі турэмны досьвед, у кожнага ёсьць свой прынцып паводзінаў за кратамі. Мікола галадаў 10 гадоў таму ў гэтыя дні за кратамі супраць фальсыфікацыі выбараў. Ён таксама трымаў галадоўку пратэсту на знак салідарнасьці з Аўтуховічам, Лявонавым і Асіпенкам у 2009 годзе. Чым зь гэтага досьведу можна падзяліцца? Што параіць, ад чаго засьцерагчы? Якія гэта мела наступствы для здароўя?

Марына Адамовіч: Вельмі сумны і цяжкі досьвед. Найбольш цяжкая галадоўка ў Мікалая была ў 1999 годзе пасьля знакамітых маршаў, калі яго арыштавалі, абвінаваціўшы ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў Трымалі на Валадарцы ў вялізарнай камэры, дзе было больш за 20 чалавек. Падчас яго галадоўкі ўсім перадавалі ў неверагоднай колькасьць цыгарэты, і камэра была ў клюбах дыму. Гэты было вельмі цяжка, і істотна адбілася на ягоным здароўі. Падчас галадоўкі абвастраюцца ўсе функцыі арганізму, і яму адразу «пасадзілі» лёгкія. Нават галадоўка 10 гадоў таму ня мела такіх наступстваў для здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марына Адамовіч: Мікола як птушка Фэнікс, здольны ўзнаўляцца

Мікалай разглядае галадоўку як крайнюю форму пратэсту. І калі ён пачынае галадоўку, то, зразумела, трэба ісьці да канца, але зразумела, што памерці ніхто ня дасьць падчас галадоўкі. Магчыма, нават прымусова будуць выводзіць з галадоўкі.

Тут важныя воля і настрой. У Ігара гэтага хапае, каб з годнасьцю гэта перанесьці і выйсьці зь яе максымальна хуткімі тэмпамі. 10 гадоў таму сытуацыя ўскладнялася тым, што мы цягам месяцу ня мелі ніякай інфармацыі пра нашых блізкіх. Мікалай адразу адмовіўся даваць паказаньні. Да яго нават не хадзіў наш адвакат, а тагачасная яго адвакатка падманвала наконт гэтай галадоўкі. Гэта было вельмі трагічна, бо я нічога пра яго ня ведала і пачынала і заканчвала кожны дзень тым, што малілася Богу. Прасіла, Божа, я спадзяюся, што сёньня ён яшчэ жывы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 29 дзён таму Мікола Статкевіч абвясьціў галадоўку

Потым яго вывезьлі ў шпіталь КДБ, прыкавалі кайданкамі да батарэі і вывелі з галадоўкі. Выводзіў прафэсіянал, які скончыў ваенна-мэдыцынскую акадэмію ў Санкт-Пецярбургу. Праўда, потым умяшаліся іншыя нібыта дактары, якія зрабілі яму невядомую кропельніцу, пасьля якой яго стан рэзка пагоршыўся.


«Я захапляюся Ігарам Лосікам, Дашай, іх сямʼёй»


— Вольга, як ваш муж Павал Севярынец ставіцца да такога палітычнага кроку як галадоўка пратэсту? У свой час, калі ён быў у зьняволеньні ў Купліне, маладафронтаўцы трымалі галадоўку на знак салідарнасьці зь ім.

Вольга Севярынец: У цывілізаваны сьвеце галадоўка — гэта крайняя мера, на якую ідзе чалавек, і да яе асаблівая ўвага. І яна дае рэальныя вынікі. У Беларусі, як гэта ня сумна, адзіная мэта, якую можа даць галадоўка, гэта прыцягненьне ўвагі грамадзтва і сьвету. У нашых умовах гэта ўжо вельмі шмат. Я захапляюся Ігарам Лосікам, Дашай, іх сямʼёй. Ігар ня толькі да сваёй праблемы ўвагу прыцягае. Калі падзеі сьціхаюць крыху, ён трымае на павестцы праблемы палітвязьняў, умовы палітвязьняў, увогуле тэму Беларусі, што тут можна лёгка чалавеку «накінуць» артыкул ні за што і трымаць яго чарговыя месяцы. Ігар як сымбаль беларускага грамадзтва зараз. Я ведаю, што многія беларусы гатовыя на скрайнюю меру, абы толькі гэта скончылася і прыйшло нармальнае жыцьцё. Павага Ігару і сямʼі. Я спадзяюся, што добра вырашыцца гэтая галадоўка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такой падтрымкі ніколі ня бачыла». Вольга Севярынец расказала навіны пра мужа

«Мне страшна, таму я прашу пісаць яму і прасіць яго спыніцца»


— Дарʼя, якая дапамога патрэбная вам?

Дарʼя Лосік: Асабіста мне дапамога не патрэбная. Вялізарная колькасьць людзей перадаюць мне словы падтрымкі, дасылаюць падарункі для дачкі. Адзінае, пра што я хачу папрасіць, каб як мага больш людзей пісалі Ігару лісты з просьбай спыніць галадоўку. Бо маёй дачцэ патрэбны бацька, а мне патрэбны муж. Гэта адзінае, што я папрашу. Я спрабую яго пераконваць і кожны раз перадаю свае словы, словы яго бацькоў, але на жаль, у яго такі характар, што пакуль сам не зразумее, што гэта не патрэбна і гэта не працуе, ён ня спыніцца. А колькі ён гатовы прайсьці, я ня ведаю. І мне страшна, таму я проста прашу пісаць яму як мага больш і прасіць яго спыніцца. Ягоныя ўмовы былі — зьняцьце ўсіх абвінавачваньняў ці зьмяненьне меры стрыманьня, але яму працягнулі знаходжаньне ў турме да канца сакавіка. У нашай дзяржаве гэта не працуе, на жаль. Я проста баюся за яго і ягонай жыцьцё.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На галадоўку Ігара і Дар’і Лосікаў адрэагавала Анна Шабатава, вядомая чэская хартыстка і папярэдні амбудсмэн Чэхіі


Што думаюць Статкевіч і Севярынец пра цяперашнюю сытуацыю

— Даволі часта чула ад людзей, якія хадзілі на шматтысячныя акцыі пратэсту, што каб там быў Статкевіч і Севярынец, магчыма, вынік быў бы іншы. Умоўнага ладу гісторыя ня мае. Што думаюць вашы мужы пра сытуацыю ў краіне?

Марына Адамовіч: Мікалай аналізуе сытуацыю нават пры абмежаваных турэмных магчымасьцях. Сапраўды, умоўнага ладу гісторыя ня мае. Верагодна, нам трэба было прайсьці гэты шлях. Грамадзтва, якое рэзка пасталела за апошнія паўгоду, павінна прайсьці ўвесь цяжкі шлях пазнаваньня сябе нармальным, цывілізаваным, свабодалюбным, адказным грамадзтвам. І гэта патрабуе часу. Мікалай піша, што гэта незваротна, і як бы сілы цемры не спадзяваліся, гэта не разьвернецца. Ён перакананы, што сытуацыя хутка разрашыцца. Ня значыць, што сёньня, заўтра і да вясны, як мы спадзяемся, але гістарычна гэты рэжым вырачаны. Беларускае грамадзтва пасталела, беларусы нарэшце зразумелі, якія яны сапраўдныя, як прагнуць волі, павагі, жыцьця ў салідарным грамадзтве. Гэта фэнамэнальны працэс, і мне вельмі шкада, што нашы хлопцы праходзяць яго за кратамі. Гэта тое, аб чым яны марылі ўсё сваё сьвядомае жыцьцё, чаму аддалі, як Мікалай, больш за 30 гадоў свайго жыцьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты ня ведаеш, у якім стане яны вернуцца дадому». Родныя беларускіх палітвязьняў чакаюць іх вызваленьня

Вольга Севярынец: Паша піша, што гэта сапраўды гістарычны момант. Ён неаднаразова хваліў беларусаў, што яны сапраўды неверагодныя, сьветлыя людзі. У рамане, які ён амаль напісаў, нешта падобнае адбываецца. Ён называе гэты рух беларухам, бо людзі ў белым адзеньні ходзяць. Ён захапляецца, што так яскрава бачна, дзе цемра, дзе сьвятло, нават праз вопратку. Як веруючы чалавек ён лічыць тое, што адбываецца, дзеяньнем духа, калі вялікія масы людзей гэтым летам узьнялі бел-чырвона-белы сьцяг як сьвятыню. Паводле Паўла, гэта дзеяньне Божага духу, і яно не згасьне. Піша, што, па адчуваньнях пасядзець прыйдзецца, але ня так доўга, як гэта магло б быць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Севярынец з турмы зьвярнуўся да вернікаў. Ягоны ліст зачытала жонка. ВІДЭА

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.