Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл у інтэрвію тэлеканалу «Россия-1» заклікаў беларускі народ вырашаць пытаньні мірна, а ўлады — не адкладаць на потым тое, што выклікае нязгоду ў грамадзтве, паведамляе Інтэрфакс.
«Мы сьведкі таго, што адбылося ва Ўкраіне, — цяпер слова «майдан» стала намінальным. Цалкам відавочна, што вопыт Украіны павінен навучыць усіх нас, што пераўтварэньні ў грамадзтве павінны праходзіць такім чынам, каб яны не суправаджаліся нарастаньнем унутранай напружанасьці і асабліва радыкалізацыяй адносін паміж людзьмі, — сказаў патрыярх Кірыл.
Паводле яго, «заўсёды пасьля рэвалюцыі павінен быць доўгі пэрыяд аднаўленьня», а «таму трэба імкнуцца да лепшага, не руйнуючы таго, што ёсьць, а разьвіваючы ў лепшы бок».
«Таму наш заклік да Беларусі (...) усе пытаньні трэба вырашаць мірна. Але калі пытаньні існуюць, іх трэба вырашаць, і гэта ўжо зварот і да беларускіх уладаў. Нельга адкладаць да сьвятога ніколі тое, што выклікае нязгоду і напружаньне ў грамадзтве. Патрэбныя інструмэнты разумнага, дзелавога абмеркаваньня праблем з выхадам на канкрэтныя рашэньні», — сказаў кіраўнік РПЦ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўныя сьвяткуюць Раство. Кіраўнік БПЦ згадаў у пасланьні падзел у грамадзтве