«Ледзь ня лягеры будуць створаныя для асобных людзей», — былы сьледчы Астаповіч

Турма на Арэсьціна. Ілюстрацыйнае фота.

Адзін з кіраўнікоў аб’яднаньня былых і дзейных супрацоўнікаў сілавых структураў Беларусі By_Pol, былы сьледчы Андрэй Астаповіч расказвае, як улады ўзьдзейнічаюць на сілавікоў, якія рэпрэсіі рыхтуюцца, чаму супрацоўнікі шмат мацюкаюцца і паводле якога крытэру адбываецца раскол у сілавых структурах.

Глядзіце інтэрвію на відэа цалкам.


Тут фрагмэнты размовы.

Пра збор кампрамату на сьледчых

Мы валодаем інфармацыяй, што пасьля маіх уцёкаў зь Беларусі цяпер на кожнага сьледчага зьбіраецца кампрамат. Спэцслужбы робяць запыты, аналізуюць дзейнасьць кожнага — як праводзіць расьсьледаваньне, куды запыты робіць, — каб у любы момант можна было «дакалупацца». Яны не пасьпелі ў дачыненьні да мяне своечасова сфабрыкаваць крымінальную справу, праз гэта я здолеў сысьці, і расейцы не пагадзіліся мяне доўга затрымліваць з прычыны розгаласу, дый падставаў да поўнага этапаваньня не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны адзін аднаго фіксуюць, зьбіраюць кампрамат». Былы сьледчы пра відэа з аўтазака

Пра падрыхтоўку ўладаў да больш жорсткіх рэпрэсій


Паводле крыніцаў By_Pol, цяперашняя ўлада рыхтуецца да вялізарнай, масавай дыктатуры ва ўсіх сфэрах жыцьця. Пачынаючы ад працы, калі будзеш эканамічна залежаць, а калі звольнісься ці ня будзеш падпарадкоўвацца, супраць цябе будуць скарыстоўваць кампрамат ці іншую інфармацыю, з дапамогай якой змогуць запалохаць. Я працаваў у гэтай сыстэме і разумею, як усе сьледчыя расьсьледуюць крымінальныя справы. Я не заўважаў татальнага парушэньня закону шараговымі супрацоўнікамі. Але запалохаць чалавека, што нешта пра яго ведаюць, што нешта ня так зрабіў, гэта ў іх можа атрымацца, і яны могуць хутка сфабрыкаваць крымінальную справу.

Будуць прапрацоўвацца розныя моманты — гэта можа быць і пазбаўленьне бацькоўскіх правоў, і ўскосная забарона на дзіцячыя садкі (будзе чарга, і цябе ня возьмуць). Усю сацыяльную сфэру кантралюе дзяржава. Могуць ня выпусьціць з краіны, могуць перасьледаваць на тэрыторыі краіны нават без завядзеньня крымінальнай справы, ня даць нармальнага жыцьця. Да гэтага цяпер ідзе татальная падрыхтоўка. Гэта тычыцца ня толькі сілавых структураў, гэта будзе тычыцца абсалютна ўсіх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Народ не даруе». Апазыцыйныя Лукашэнку сілавікі аб’ядноўваюцца

Пра татальны кантроль


А сілавы блёк, тая яго частка, якая будзе падтрымліваць Лукашэнку, будзе ў шакалядзе, будзе добра жыць, але яны будуць максымальна моцна прывязаныя, каб не было і думкі нават кудысьці ўбок ступіць. А тых, хто сумняецца, будуць запалохваць. Я раней казаў пра тое, што ўлады маюць сьпісы людзей, якія за альтэрнатыўных кандыдатаў аддавалі подпісы. Мы з калегамі з усіх бакоў сталі атрымліваць пацьверджаньне гэтай дзейнасьці. Я цяпер заяўляю пра тое, што ў нас будзе рабская дзяржава пад поўнай дыктатурай, дзе кожнага чалавека, і асабліва супрацоўнікаў сілавых блёкаў, будуць прымушаць дзейнічаць незаконна, па правілах таталітарнай дзяржавы. Аналізуючы інфармацыю з нашых крыніцаў, магу сказаць, што кантроль будзе ва ўсім — ня зможаш ані выехаць, ані ўехаць у краіну, ані адмовіцца ад нейкай працы, будзеш абавязаны на яе хадзіць. Ледзь ня лягеры будуць створаныя для асобных людзей. Будуць за ўсімі прыглядаць, і як толькі крок у іншы бок, адразу ўжывуць пэўныя захады. І гэтыя захады да сілавікоў будуць нашмат больш жорсткія, каб празь іх падтрымліваць усю гэтую сыстэму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прайшоў 70 км па лесе, начаваў пад елкай і на вакзале». Былы сьледчы пра цану сыходу з сыстэмы

Пра рост незадаволенасьці


Але чым ты мацней сьціскаеш кулак, у якім пясок ці іншая субстанцыя, тым больш павылазіць між пальцаў. Чым ён больш будзе сьціскаць, тым большая колькасьць людзей будзе аказваць яму супраціў, будзе ня згодная з тым, што адбываецца. Некаторыя думаюць, што адседзяцца, будуць убаку. У 2021 годзе ўбаку цяжка будзе заставацца. Кожнаму прыйдзецца зрабіць свой выбар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «КДБ правярае, ці падпісваліся сілавікі за Бабарыку. Ад вынікаў у СК жахнуліся», — былы сьледчы. ВІДЭА

Пра раскол у сілавых структурах


У сілавых структурах раскол у асноўным адбываецца паміж інтэлектуальным блёкам і сілавым блёкам, выканаўцамі кшталту АМАПу. Калі ўзяць Сьледчы камітэт, МУС, судзьдзяў, пракурораў, экспэртаў і назваць гэта сілавікамі, то, па маіх прыкладных дадзеных, ад 20 да 30 працэнтаў людзей звольнілася за 2020 год ад таго складу, які быў. Гэта практычна траціна, вялікая колькасьць людзей. На іх месцы прыходзяць непадрыхтаваныя супрацоўнікі. Часта гэта маладыя супрацоўнікі, часта тыя, хто ня мае дастатковай адукацыі, людзі зь сярэдняй адукацыяй. Раней у сьледчыя бралі толькі на базе вышэйшай адукацыі. Унутры сыстэмы засталося дастаткова людзей, якія ня хочуць пакідаць службу, але і не падтрымліваюць цяперашнюю ўладу. Пра канкрэтны адсотак не магу дакладна сказаць, але думаю, што больш за палову — гэта нашы людзі. Ці прынамсі тыя, хто не прыняў бок менавіта сілавога блёку. У інтэлектуальнай сфэры такіх людзей нашмат болей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы, які пасьля выбараў звольніўся на знак пратэсту, папрасіў палітычнага прыстанішча ў Польшчы