Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы, які пасьля выбараў звольніўся на знак пратэсту, папрасіў палітычнага прыстанішча ў Польшчы


Пасьведчаньне і рапарт сьледчага СК Андрэя Астаповіча.
Пасьведчаньне і рапарт сьледчага СК Андрэя Астаповіча.

27-гадовы Андрэй Астаповіч служыў у Следчым камітэце Беларусі і звольніўся 16 жніўня, пасьля пачатку масавых пратэстаў па выніках прэзыдэнцкіх выбараў, разгону дэманстрантаў, катаваньняў і забойстваў.

У рапарце на звальненьне ён эмацыйна патлумачыў прычыны: «Усе мы не сьляпыя, бачым праўду» — і пералічыў канкрэтныя прыклады жорсткасьці міліцыі ў дачыненьні пратэстоўцаў. Не жадаючы пакрываць злачынствы беларускіх сілавікоў, ён сышоў са службы і адразу пакінуў краіну.

Астаповіч прыехаў у Расею, каб пасля перабрацца ў Латвію, але ў чаканьні візы быў затрыманы ў Пскове. Пасля шуму ў прэсе расейскія сілавікі не адважыліся перадаць яго ў рукі беларускім калегам, а проста перавезьлі празь мяжу і пакінулі каля памежных пунктаў ў Віцебскай вобласьці.

Сувязь з Андрэем на доўгі час абарвалася. 15 верасьня стала вядома, што былы сьледчы доўга хаваўся ў лясах Беларусі, пасьля чаго знайшоў спосаб выбрацца на тэрыторыю Эўразьвязу і трапіць у Варшаву. Ён зьвярнуўся па палітычнае прыстанішча ў Польшчы.

Пратэст і зьнікненьне сьледчага

16 жніўня старшы сьледчы Андрэй Астаповіч напісаў рапарт на звальненьне са Сьледчага камітэту і заклікаў беларусаў «змагацца да пераможнага канца, выганяючы дыктатара і безадказнасьць разам зь ім».

18 жніўня Андрэй Астаповіч прыехаў зь Беларусі ў Маскву. У інтэрвію тэлеканалу «Дождь» ён сказаў, што беларускія сілавікі зьнішчаюць доказы сваіх супрацьпраўных дзеяньняў супраць мірных дэманстрантаў. Абурыла сьледчага і тое, што на некаторых грамадзян, якіх біў АМАП, завялі крымінальныя справы аб нападзе на міліцыянтаў, а вось заводзіць справы па заявах грамадзян аб іх зьбіцьці АМАПам не дазваляюць.

Былы сьледчы, зь ягоных словаў, быў сьведкай зьбіваньня затрыманых людзей у Партызанскім РУУС Менску, што ён лічыць праявай беззаконьня.

Андрэй Астаповіч расказаў расейскім журналістам, што пакінуў свой рапарт у службовым кабінэце і мусіў тэрмінова зьехаць, бо, як яму паведамілі крыніцы, «па яго ўжо выехалі».

23 жніўня затрыманага ў Пскове сьледчага, які звольніўся з СК на знак пратэсту супраць гвалту, вывезьлі з Расеі, пасьля чаго вестак пра яго не было.

Пра тое, як ён трапіў у Польшчу, хто яму дапамог і чым зьбіраецца далей займацца, Астаповіч расказаў у інтэрвію праекту Радыё Свабода «Север. Реалии».

Чытаць ягонае інтэрвію цалкам можна ТУТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG