З 1 студзеня ІТ-кампаніі страцілі ільготы. Цяпер падаходны падатак для іх вырас з 9 да 13%. Для апэратараў мабільнай сувязі падаходны падатак паднялі з 18% да 30%.
Epam з гэтай нагоды заявіў, што «неспадзяванае павышэньне падаткаў можа прывесьці да яшчэ большай міграцыі з краіны і павышэньня рэпутацыйнай рызыкі».
А1 выказаў жаль з нагоды павышэньня падаткаў і прывёў прыклад іншых краін, якія «актыўна садзейнічаюць інвэстыцыям».
Усе ІТ-кампаніі зьедуць?
Працэс рэлякацыі сярод ІТ-кампаній ужо ідзе. І зьвязаны ён не з падаткамі, а зь бясьпекай супрацоўнікаў і стратамі ад адключэньня інтэрнэту ўлетку і ўвосень.
«Заявы кампаній — гэта мяккая і паліткарэктная праява незадаволенасьці. Рост на 4% падаходнага падатку — ня вельмі крытычна. Гэта ляжа не на прадпрыемствы, а на супрацоўнікаў. Для кампаній гэта не крытычна, для супрацоўніка сам факт росту ягонага падатку і зьніжэньня даходу на 4% — не вырашальны для рэлякацыі. Сэнс заявы — зьвярнуць увагу ўладаў на праблему і на будучыя рашэньні, якія будуць прынятыя, калі сытуацыя з падаткамі зьменіцца ў яшчэ горшы бок», — мяркуе фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.
Паводле апытанкі на партале dev.by, у якой узялі ўдзел 1002 рэспандэнты, большасьць ІТ-кампаній яшчэ не прынялі рашэньня, хто возьме на сябе цяжар падаткаў. Такі адказ далі 52,4% рэспандэнтаў. Паводле 24% адказаў, цяжар на сябе вырашылі ўзяць кампаніі, паводле 18,7% — цяжар ляжа на супрацоўнікаў.
Што да рэлякацыі, то 34% не змаглі даць адказ, крыху менш за траціну вырашылі, што павышэньне падаткаў — ня значная падстава для рэлякацыі. У 18% плянаў на пераезд і не было. А вось для 14% павышэньне падаткаў стала апошняй кропляй, яны вырашылі зьяжджаць.
Калі ўмоўны ІТ-спэцыяліст у месяц зарабляе 1500 даляраў, то для яго падатак вырасьце на 60 даляраў штомесяц (пры ўмове, што падатковы цяжар на сябе бяруць супрацоўнікі). Калі гэты цяжар бярэ на сябе кампанія, напрыклад, на 100 чалавек, то гэта 6 тысяч даляраў дадаткова ў месяц.
І калі для вялікіх кампаній такая сума не вялікая, то для дробных — гэта істотна. А ПВТ і ільготы для ІТ ствараліся менавіта для хуткага росту невялікіх кампаній.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падвысілі падаткі для айцішнікаў і тых, хто здае кватэры, гаражы і парковачныя месцыМожа быць горш
Зьніжаны падаходны падатак — не адзіная ільгота, якая існавала для рэзыдэнтаў ПВТ. Асноўнае — гэта зьніжка на ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны. Калі ўсе плацілі 36% ад заробку супрацоўнікаў, то рэзыдэнты парку — 36% ад сярэдняга заробку па краіне. Пра гэта прыгадвае Вадзім Іосуб.
«Калі адменяць гэтую ільготу, то рост адлічэньняў у фонд будзе ў разы. Заробкі ў ПВТ у 5–6 разоў вышэйшыя, чым агулам па краіне. Настолькі ж вырастуць і адлічэньні. Гэта можа стаць падставай для згортваньня бізнэсу ў краіне», — кажа Вадзім Іосуб.
Паводле старшага навуковага супрацоўніка Beroc Льва Львоўскага, дрэнна ня столькі само павышэньне падатку, колькі фактычнае спыненьне дзеяньня дэкрэту аб ПВТ.
«Сутнасьць не ў 4% павышэньня, а ў тым, што бізнэс любіць доўгатэрміновае плянаваньне. Чым менш рызыкі, тым лепш. У ПВТ быў дэкрэт з добрымі ўмовамі, было сказана, што такія ўмовы да 2049 году. А цяпер сказалі, што правілы больш ня дзейнічаюць, а значыць, цяпер правілы гульні будуць мяняцца так, як захоча ўрад. Бізнэс вельмі насьцярожвае гэты факт», — мяркуе Леў Львоўскі.
А што з мабільнымі апэратарамі?
Калі для ІТ-сфэры рэлякацыя — гэта ня проста, але магчыма, то мабільны апэратар можа толькі спыніць сваю дзейнасьць у краіне.
«Для мабільных апэратараў рост падаходнага падатку з 18% да 30% — гэта істотнае скарачэньне прыбытку для акцыянэраў. Калі раней са 100 рублёў прыбытку аддавалі 18 рублёў, то цяпер са 100 рублёў прыбытку будуць аддаваць 30 рублёў. Для акцыянэраў гэта істотна. Мабільны апэратар ня можа сысьці, бо абслугоўвае абанэнтаў Беларусі. Апэратар можа працягваць бізнэс ці закрыць тут бізнэс», — кажа Вадзім Іосуб.
ІТ-галіна для Беларусі — гэта 5% ВУП. У 2019 годзе толькі Epam сплаціў 150 мільёнаў даляраў падаткаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некалькі генэрацый спэцыялістаў зьнікнуць зь Беларусі». Прызыдэнт EPAM пра магчымыя наступствы палітычныга крызісу