Перад Новым годам журналіст-дасьледчык Хрыста Грозэў апублікаваў табліцу з дадзенымі аб перасоўваньнях васьмярых супрацоўнікаў ФСБ, якія могуць быць датычныя да атручваньня расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага.
Самы папулярны іх маршрут — гарады Паўночнага Каўказу. Больш за тое, выявіліся супадзеньні па часе візытаў са сьмерцямі мясцовых актывістаў, піша Кавказ.Реалии.
Па дадзеных Грозэва, агулам за апошнія 11 гадоў меркаваныя атрутнікі Навальнага пабывалі на Паўночным Каўказе амаль 100 разоў. Дакладную колькасьць іх візытаў вызначыць немагчыма: дадзеныя хоць і падрабязныя, але няпоўныя. Часам яны прыляталі, напрыклад, у Махачкалу, а назад ужо не ляцелі. Ці наадварот, паводле апублікаваных дадзеных не прыляталі, але білет назад у Маскву ў іх быў. Акрамя таго, яны вельмі часта прыбывалі ў адзін горад, а зьяжджалі зь іншага.
Самыя папулярныя для візытаў гарады — Уладзікаўказ і Махачкала. Таксама вельмі часта яны наведвалі Мінэральныя Воды. Цалкам магчыма, што гэта зьвязана толькі з тым, што ў нейкі час гэта быў адзіны аэрапорт на Каўказе, якi ажыцьцяўляў некалькі рэйсаў у Маскву за дзень.
«Сэрца ня вытрымала»
У 2013 годзе адзін з «хімікаў» — Іван Восіпаў, які выкарыстоўвае ў некаторых паездках псэўданім Сьпірыдонаў, — зачасьціў у Грозны. У пэрыяд з 18 красавіка па 18 чэрвеня ён наведаў гэты горад сама меней сем разоў. У гэтым жа годзе ён двойчы пабываў у Нальчыку. А трыма гадамі раней правёў пяць дзён у Стаўрапалі. Зрэшты, у 2019 годзе Восіпаў зноў наведаў на адзін дзень краявую сталіцу.
Разам з Восіпавым ў Нальчык лётаў і Канстанцін Кудраўцаў — той самы, зь кім размаўляў Навальны па тэлефоне і хто яму расказаў пра яд на майтках.
У пэрыяд з 22 па 31 ліпеня 2014 году Восіпаў быў у Мінэральных Водах. Аднак яго знаходжаньне там супала па часе са сьмерцю грамадзкага актывіста Тымура Куашава. Сябра памерлага Абакар Абакаров тады заяўляў, што Куашаў быў забіты: «У яго ёсьць усе прыкметы атручэньня. Пальцы чарнеюць. Пад пахай сьлед ад уколу, пачырваненьне было... Не чакалі такога цынічнага забойства».
У верасьні 2019 году расьсьледаваньне сьмерці Куашава было спыненае «за адсутнасьцю падзеі злачынства».
«Супастаўленьня з візытамі » атрутнікаў «на Каўказ я не рабіў, не аналізаваў, — сказаў „Кавказ.Реалии“ адвакат Заур Шамахаў, які бараніў інтарэсы сям’і Куашава. — Так, я лічу, што яго сьмерць была гвалтоўнай. Так, я лічу, што гэта было атручэньне».
Шамахаў адзначыў, што расьсьледаваньне сьмерці Куашава спынялася ня менш як чатыры разы. Затым аднаўлялася, але не для таго, каб выканаць неабходны абʼём работы.
«Зразумеўшы, што вынікаў далей ня будзе, мы спынілі барацьбу», — дадаў Шамахаў.
Яшчэ адно супадзеньне па тэрмінах — сьмерць лезгінскага грамадзкага дзеяча Руслана Магамэдрагімава. Ён памёр у Касьпійску 24 сакавіка 2015 году. У гэты самы час Восіпаў-Сьпірыдонаў, па дадзеных табліцы Грозэва, быў ва Ўладзікаўказе.
Афіцыйнай прычынай сьмерці Магамэдрагімава стала сардэчная недастатковасьць. Але яшчэ тады лідэр руху «Садвал» Альбэрт Эсэдаў сьцьвярджаў, грунтуючыся на высновах патолягаанатама, што прычына сьмерці актывіста — асфіксія.
У табліцы няма відавочных супадзеньняў з атручэньнямі цяперашняга прэзыдэнта самаабвешчанай Абхазіі Аслана Бжанія, аднак «атрутнікі» па некалькі разоў да гэтага і ў лічаныя дні да абедзьвюх яго шпіталізацыяў ляталі ў Сочы. Адлегласьць ад Сочы да Сухумі — усяго 125 кілямэтраў.
Першы раз былы апазыцыйны лідэр Бжанія быў шпіталізаваны 21 красавіка 2019 году. Фралоў, які выкарыстоўвае псэўданім Аляксандраў, лятаў 16 красавіка ў Сочы на адзін дзень. За месяц да гэтага ў Сочы езьдзіў ужо згаданы Восіпаў. Другая шпіталізацыя Бжанія — 2 сакавіка 2020 году. 26 лютага ў Сочы на адзін дзень вылятаў Фралоў, 11 сакавіка — Восіпаў.
Мэтадамі Мэдычы?
Выправы меркаваных атрутнікаў Навальнага на Паўночны Каўказ вельмі часта супадалі са спэцапэрацыямі ў ліквідацыі баевікоў або з затрыманьнямі людзей без прадʼяўленьня ім абвінавачваньняў. Асабліва часта гэта прасочваецца ў Махачкале. Да прыкладу, пяць з васьмі візытаў Кудраўцава на Каўказ зьвязаныя з падобнымі падзеямі.
Апошні візыт супрацоўнікаў ФСБ у Дагестан меў месца 8 кастрычніка 2020 году, празь месяц пасьля атручэньня Навальнага. Агент Крывашчокаў прыляцеў ва Уладзікаўказ і прабыў там яшчэ тры дні. У гэты ж самы час у Чачэніі прайшла адна з апошніх спэцапэрацый, падчас якой былі забітыя двое меркаваных баевікоў — Рустам Борчашвілі і Казьбэк Байдулаеў.
Пра атручэньне чальцоў узброенага падпольля расейскія СМІ пісалі яшчэ ў 2010 годзе. Па зьвестках агенцтва «Росбалт», толькі ў 2010 годзе былі атручаныя прынамсі 17 баевікоў. У асноўным з дапамогай прадуктаў, якія ім перадавалі мясцовыя жыхары.
«Большасьць ядаў разьлічаныя не на імгненнае дзеяньне, а маюць эфэкт празь некаторы час пасьля прыёму. Гэта неабходна для таго, каб атрутніка можна было вывесьці з-пад удару. Потым да працы прыступаюць праваахоўныя органы Чачэніі. Яны чакаюць, калі яд спрацуе, і пачынаюць прачэсваць мясцовасьць, дзе, як мяркуецца, хаваліся бандыты. У выпадку выяўленьня целаў абвяшчаецца аб правядзеньні чарговай пасьпяховай апэрацыі», — пісаў «Росбалт».
Сярод меркаваных ахвяраў — лідэры падпольля Магарбі Тэміраліеў, Абубакар Пашаеў, Доку Умараў, Ясір Амаці і Хатаб.
На Каўказе ліквідаваць чалавека не праблема
«Я далёкі ад усяго гэтага, але нічога не магу адмаўляць, у гэтай краіне ўсё магчыма, — пракамэнтаваў сытуацыю „Кавказ.Реалии“ чачэнскі праваабаронца Аюб Ціціеў. — На Каўказе ёсьць такія людзі, якіх і бяз хітрасьцяў маглі ліквідаваць. Але цалкам магчыма, што ўжывалі і такія мэтады. На Каўказе ліквідаваць чалавека не праблема. Пацярпелых ня сотні, а тысячы. Але менавіта ў гэтае расьсьледаваньне я не паглыбляўся».
Лідэр інгускай філіі «Мэмарыялу» Тымур Акіеў запэўнівае, што ў апошнія дзесяць гадоў у Інгушэтыі не было гісторый, якія маглі б мець дачыненьне да перасоўваньняў «агентаў ФСБ».
«Ёсьць забойствы, ёсьць выкраданьні, — кажа Акіеў. — Ёсьць меркаваньне, што Доку Умарава атруцілі. Можа, візыты на Каўказ і ліквідацыі баевікоў — гэта супадзеньні. Можа, не. Мы ня ведаем, як пакідалі жыцьцё лідэры ўзброенага падпольля».
Акіеў упэўнены, што ў Інгушэтыі меркаваныя атрутнікі не бывалі: «Тут усе адзін аднаго ведаюць, — кажа Акіеў. — Любая сьмерць разглядаецца пад лупай. Да 2013 года людзі ў нас зьнікалі. Пасьля 2013 году былі незаконныя затрыманьні, але каб людзі зьнікалі бясьсьледна — такога не было».
Хрыста Грозэў абяцаў у найбліжэйшыя дні прадставіць новыя вынікі расьсьледаваньня. Магчыма, менавіта ў ім будзе адказ на пытаньне, чаму Каўказ меў такіх адданых турыстаў у асобе меркаваных атрутнікаў Навальнага.