Галасаваньне вызначыць, якая з партый будзе кантраляваць верхнюю палату Кангрэсу, а таксама прадэманструе патэнцыйныя магчымасьці абранага прэзыдэнта Джо Байдэна рэалізаваць яго амбіцыйную перадвыбарчую стратэгію.
Барацьба за два месцы ў Сэнаце разгарнулася паміж дзейнымі сэнатарамі-рэспубліканцамі Дэвідам Пэрд’ю і Кэлі Лэфлэрам і дэмакратамі — рэжысэрам-дакумэнталістам Джонам Осафам і баптысцкім пастарам Рафаэлем Уорнакам.
На момант падліку 10% бюлетэняў, дэмакраты Ўорнак і Осаф заручыліся падтрымкай 54,9% і 54,3% выбарнікаў адпаведна, за рэспубліканцаў Пэрд’ю і Лэфлэра прагаласавалі 45,7% і 45,1% удзельнікаў выбараў. Большасьць падлічаных галасоў, паводле дадзеных Reuters, былі атрыманыя з выбарчых участкаў зь дзьвюх акругаў у складзе Атланты — традыцыйнага бастыёну дэмакратаў у рэспубліканскай Джорджыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Washington Post: Трамп патрабаваў «знайсьці» яму галасы, якіх неставала для перамогі ў штаце ДжорджыяЯк паведамляе Fox News, на момант апрацоўкі 69% бюлетэняў абодва рэспубліканскія кандыдаты змаглі выйсьці наперад — за Пэрд’ю і Лэфэра прагаласавалі 50,6% і 50,3% выбарнікаў адпаведна, за Ўорнака і Осафа — 49,7% і 49, 4% адпаведна. Разрыў паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі застаецца мінімальным.
Як паведаміў тэлеканалу CNN сакратар штату Джорджыя Брэд Рафэнспэргер, афіцыйныя вынікі гонкі могуць стаць вядомыя да сераду, аднак канчатковы вынік выбараў можа заставацца пад пытаньнем на працягу некалькіх дзён у выпадку, калі розьніца ў галасах будзе мінімальнай. Сябры выбарчых камісій прыступілі да падліку бюлетэняў адразу пасьля закрыцьця участкаў у 19:00.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэспубліканцы атрымалі палову месцаў у Сэнаце ЗШАХоць за апошнія 20 гадоў ніводзін дэмакрат ня быў абраны ў Сэнат ад Джорджыі, апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што на гэты раз шанцы рэспубліканцаў і дэмакратаў на перамогу прыкладна аднолькавыя. Другі тур выбараў спатрэбіўся пасьля таго, як у лістападзе ніводзін з кандыдатаў ня змог заручыцца падтрымкай больш 50% выбарнікаў.
Згодна з вынікамі экзытполу, праведзенага агенцтвам Edison Research, думкі выбарнікаў, якія прынялі ўдзел у другім туры выбараў у Джорджыі, падзяліліся пароўну. Прыкладна палова ўдзельнікаў экзытполу падтрымала рэспубліканцаў, а другая палова заявіла пра падтрымку дэмакратаў.