Рэспубліканскі сэнатар ад Аляскі Дэн Саліван дамогся перавыбраньня. Гэта азначае, што рэспубліканцы атрымалі ня менш за 50 месцаў у Сэнаце на наступныя два гады, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Такім чынам, пытаньне аб тым, хто будзе кантраляваць Сэнат, вырашыцца толькі пасьля другога туру на выбарах у дзьвюх акругах Джорджыі 5 студзеня 2021 году.
Дваім дзейным рэспубліканскім сэнатарам ад Джорджыі, Дэйвіду Пэрд’ю і Кэлі Лэфлэр, не ўдалося атрымаць большасьці галасоў выбарнікаў у першым туры, што прывяло да абвяшчэньня другога туру.
Пэрдʼю супрацьстаіць дэмакрат Джон Осаф — журналіст-дасьледчык, якому не хапіла крыху галасоў для перамогі на выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2017 годзе, пасьля чаго ён паспрабаваў заняць месца Пэрдʼю ў Сэнаце, якое той займае з 2015 году.
Супернікам Лэфлэр, прызначанай у Сэнат ў пачатку 2020 году, зьяўляецца Рафаэл Ўорнак — прагрэсіўны дэмакрат і старшы пастар баптысцкай царквы ў Атланце.
Калі рэспубліканцам удасца захаваць хаця б адно месца ў Джорджыі, яны будуць мець большасьць у Сэнаце на наступныя два гады. Але калі там перамогуць і Осаф, і Ўорнак, то рэспубліканцы і дэмакраты падзеляць Сэнат роўна напалам, атрымаўшы па 50 месцаў.
У выпадку, калі пры галасаваньні ў Сэнаце галасы падзяляюцца пароўну, вырашальны голас належыць віцэ-прэзыдэнту.