Судовыя выканаўцы патрабуюць высяленьня пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» ў Менску

Адміністратар царквы Віталь Антончыкаў

Судовыя выканаўцы склалі адміністрацыйны пратакол на кіраўніцтва менскай пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё».

Як паведаміў агенцтву БелаПАН адміністратар царквы Віталь Антончыкаў, упраўленьне прымусовага спагнаньня Менгарвыканкаму патрабавала ад грамады вызваліць будынак на вуліцы Кавалёва, 72 да 31 сьнежня мінулага году. У іншым выпадку пагражалі прымусовым высяленьнем 5 студзеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Менска зноў пагражаюць высяленьнем пратэстанцкай царкве «Новае жыцьцё»

На 10-ю гадзіну царква абвясьціла малітоўнае служэньне, на якое сабралася дзьве сотні вернікаў. Сьледам зьявіліся судовыя выканаўцы.

«Прыяжджалі два судовыя выканаўцы і зь імі прадстаўнікі ЖРЭА Маскоўскага раёну, — сказаў адміністратар царквы. — У будынак яны не пайшлі, я і пастар Вячаслаў Ганчарэнка выйшлі да іх. Запыталіся, ці зьбіраемся высяляцца, мы адказалі, што не. Пасьля гэтага судовыя выканаўцы склалі пратакол аб тым, што мы не выканалі прадпісаньне. Пастар, я і прадстаўнікі ЖРЭА яго падпісалі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вернікі пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» выступілі супраць гвалту і забойстваў. ВІДЭА

16 студзеня 2019 году адбылося грамадзкае абмеркаваньне пляну на ўнясеньне зьменаў у горадабудаўнічы праект мікрараёну Сухарава. Дакумэнт прадугледжвае будаўніцтва жыльля і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Так, на месцы царквы «Новае жыцьцё» мяркуецца ўзьвесці школу.

Выселіць вернікаў з будынка, які прыхаджане перабудавалі на свае сродкі ў пачатку 1990-х, Менгарвыканкам спрабуе 15 гадоў.

«У прынцыпе, мы ад самага пачатку не хацелі зьбірацца ў хляве (царква месьціцца ў будынку разбуранага кароўніка), хацелі на гэтым месцы пабудаваць прыгожы будынак. Магчыма, нам прапануюць нейкую іншую зямлю. Мы ня ведаем, як будуць разьвівацца падзеі, але ў любым выпадку ўжо проста плянуем, што будзем будаваць новы будынак — прыгожы і сучасны», — сказаў Віталь Антончыкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскай пратэстанцкай царкве «Новае жыцьцё» рэкамэндавалі шукаць новую пляцоўку

У 2005 годзе гарадзкія ўлады пазбавілі рэлігійную суполку права карыстаньня зямельным участкам, нягледзячы на тое, што ён быў выдзелены ёй бестэрмінова. Каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці, у кастрычніку 2006-га вернікі правялі пост-галадоўку. Месяц галадоўнікі зьмянялі адзін аднаго, знаходзячыся ў будынку.

Сытуацыя атрымала шырокі міжнародны рэзананс: у абарону царквы выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, краіны Эўразьвязу, замежныя палітыкі, сьвятары, рэлігійныя аб’яднанні. Тады ўладам давялося адступіць.