У Казахстане забаранілі сьмяротнае пакараньне

Ілюстрацыйнае фота

Мараторый на сьмяротнае пакараньне дзейнічаў у Казахстане ад 2003 году, цяпер жа падпісаная поўная забарона.

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, як перадае ягоная прэс-служба, падпісаў 2 студзеня закон аб ратыфікацыі міжнароднай дамовы, якая забараняе выкарыстаньне сьмяротнага пакараньня ў краіне.

Рэспубліка далучылася да Другога факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, накіраванага на адмену гэтага віду пакараньня. У дакумэнце сказана, што ўдзельнікі пратаколу лічаць адмену сьмяротнага пакараньня спрыяльнай для ўмацаваньня чалавечай годнасьці і прагрэсіўнага разьвіцьця правоў чалавека.

Беларусь — адзіная ў Эўропе краіна, дзе працягваюць прымяняць сьмяротнае пакараньне. За апошнія 20 гадоў расстраляна больш за 400 прысуджаных да вышэйшай меры пакараньня. З пачатку 2020 году вынесьлі прынамсі тры сьмяротныя прысуды.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
  • Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
  • Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).