Усебеларускі народны сход ніякія канстытуцыйныя нормы зьмяняць не ўпаўнаважаны і ня будзе. Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў сёньня падчас візыту ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, паведамляе БелТА.
«Мяне папракаюць, што я там хачу такім чынам уладу сваю падоўжыць. Слухайце, глупства поўнае. Калі я захачу сваю ўладу падоўжыць, дык у мяне ёсьць усе магчымасьці застацца прэзыдэнтам. Што там ужо [кажуць], на Ўсебеларускім народным сходзе, я буду старшынём. Той, хто баіцца, што Лукашэнка застанецца ва ўладзе, павінен маліцца, каб я стаў нейкім там старшынём гэтага сходу. Ніхто паўнамоцтвы шалёныя на Ўсебеларускі народны сход адпраўляць ня будзе. Кіраўнік дзяржавы будзе — прэзыдэнт. Гэта вы яго выбераце. Прэм’ер-міністар будзе, парлямэнтары і іншыя», — сказаў ён.
Лукашэнка зьвярнуў увагу, што гэта пакуль ня вырашанае пытаньне, каб зрабіць УНС канстытуцыйным органам:
«Гэта ў Канстытуцыі будзе ў праекце прапісана, і на рэфэрэндуме вы будзеце вырашаць. Ніхто на Ўсебеларускім сходзе ня будзе прымаць канстытуцыйных рашэньняў, каб вы ведалі. Ніхто! Сход павінен акрэсьліць арыенціры на пяцігодку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2700 удзельнікаў: Лукашэнка падпісаў указ аб скліканьні VI Усебеларускага народнага сходуПры гэтым Лукашэнка запэўніў, што ЎНС будзе праведзены сумленна і адкрыта.
«І на Ўсебеларускім народным сходзе будуць самыя прасунутыя патрыёты нашай краіны. Гэта ня значыць, што там будуць адны „ябацькі“, ці як вы іх называеце... Там будуць тыя людзі, якіх вы туды накіруеце», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія паўнамоцтвы мае Ўсебеларускі народны сход і ці можа ён мяняць Канстытуцыю?Лукашэнка: справімся з эканомікай — ніякія пратэсты нам ня страшныя
Лукашэнка таксама заявіў, што пратэсты не перашкодзяць устойліваму разьвіцьцю эканомікі ў 2021 годзе.
«Справімся з эканомікай — ніякія пратэсты нам ня страшныя. Паходзяць, паходзяць, як цяпер, калі паходзяць. Не пяройдуць чырвоную рысу — будуць хадзіць. Пяройдуць — атрымаюць. Павінен быць закон і парадак», — падкрэсьліў беларускі лідэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці падмане Лукашэнка Пуціна?