Кіраўнікі 23 моўных службаў і галоўны рэдактар мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ/PC) накіравалі зварот да кіраўніка амэрыканскага Агенцтва глябальных мэдыя Майкла Пэка, у якім абвінавацілі яго ў «беспрэцэдэнтным адыходзе» ад прынцыпу палітычнай збалянсаванасьці і спробе абмежаваць незалежнасьць карпарацыі.
Агенцтва глябальных мэдыя (USAGM) каардынуе і накіроўвае працу сродкаў масавай інфармацыі, якія фінансуюцца Кангрэсам ЗША. Пэк быў прызначаны на пасаду ў чэрвені прэзыдэнтам Дональдам Трампам.
Журналісты ў звароце вінавацяць Пэка ў спробе замацаваць кантроль над мэдыякарпарацыяй за адной партыяй — перад тым, як на пасаду ўступіць абраны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн.
Ліст дасланы 30 сьнежня, свае подпісы пад ім паставілі ўсе чальцы рэдакцыйнай калегіі РСЭ/ PC і амаль усе кіраўнікі моўных службаў. Акрамя Пэка, зварот накіраваны ў Сэнат і Кангрэс — прадстаўнікам Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый і кіраўніку пераходнага штабу Джо Байдэна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэд Ліпень прызначаны прэзыдэнтам Радыё Свабодная Эўропа/Радыё СвабодаУ лістападзе фэдэральная судзьдзя ЗША ў Вашынгтоне пастанавіла, што Пэк некарэктна дзейнічаў у дачыненьні да кантраляваных ім мэдыякарпарацый і забараніла яму ўмешвацца ў рэдакцыйныя працэсы. У апошнія тыдні Байдэн і ягоны пераходны штаб, які ўзначальвае былы намесьнік дзяржсакратара ЗША Рычард Стэнгел, заявілі, што правядуць ацэнку працы кіраўніка USAGM, і ня выключылі яго адстаўкі.
Аднак, на думку падпісантаў звароту, многія рашэньні Пэка, у тым ліку кадравыя, можа быць складана адмяніць, нават калі іх прызнаюць немэтазгоднымі. У лісьце адзначаецца, што Пэк спрабуе пазбавіць мэдыяарганізацыі, якія знаходзяцца ў падпарадкаваньні USAGM, фінансавай незалежнасьці і прызначае «сваіх» людзей у раду дырэктараў — з кантрактамі, якія немагчыма перагледзець цягам двух гадоў.
Рашэньні Пэка прымаюцца на фоне беспрэцэдэнтнага ціску на Радыё Свабода ў розных краінах, гаворыцца ў звароце.
Пашырэньне заканадаўства аб замежных агентах у Расеі ставіць пад пагрозу журналістаў мэдыякарпарацыі. Супрацоўнікаў Радыё Свабода пазбавілі акрэдытацыі ў Беларусі, іх шмат разоў затрымалівалі і судзілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта непрымальна». Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода асуджае перасьлед Грузьдзіловіча і яго калегПраца і жыцьцё журналістаў карпарацыі падвяргаецца небясьпецы ў такіх краінах, як Іран, Аўганістан і Пакістан. У гэтых умовах, гаворыцца ў лісьце, «Пэк ня толькі ня выканаў свой абавязак у абароне арганізацыі, але і зрабіў сьвядомыя крокі, каб аслабіць яе».
Майкл Пэк пракамэнтаваў зварот для CNBC. Ён заявіў, што ліст у яго адрас «напоўнены недакладнасьцямі». Па сьцьвярджэньні Пэка, ён ніколі не спрабаваў падарваць незалежнасьць рэдакцый ад палітычнага ціску, а наадварот, выконваў і выконвае свае задачы ў поўнай адпаведнасьці з місіяй Агенцтва глябальных мэдыя.