Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэд Ліпень прызначаны прэзыдэнтам Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода


Тэд Ліпень
Тэд Ліпень

Амэрыканскі журналіст і мэдыямэнэджар Тэд Ліпень прызначаны прэзыдэнтам мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, паведамляе Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM). Пра сваё кадравае рашэньне абвясьціў кіраўнік агенцтва Майкл Пэк.

«Нямногія людзі разумеюць місію і шматграннасьць працы амэрыканскага вяшчаньня за мяжой так, як разумее Тэд», — заявіў Пэк.

Тадэвуш Ліпень нарадзіўся ў 1953 годзе ў горадзе Мшана-Дольна на поўдні Польшчы, у 1970 годзе эміграваў у ЗША, з адзнакай скончыў унівэрсытэт Джорджа Вашынгтона. У 1973 годзе пачаў працаваць на радыёстанцыі «Голас Амэрыкі», з 1981 па 1993 год кіраваў Польскай службай гэтай радыёстанцыі, асьвятляючы ў тым ліку дэмакратычныя пераўтварэньні ў краіне і барацьбу прафсаюза «Салідарнасьць» супраць таталітарнага рэжыму.

З 1993 па 2003 год Ліпень працаваў у амэрыканскай Радзе кіраўнікоў у пытаньнях вяшчаньня ў Мюнхэне і ў Празе, з 2003 па 2005 год — дырэктарам эўразійскага падразьдзяленьня «Голасу Амэрыкі» і выканаўцам абавязкаў намесьніка дырэктара ўсёй радыёстанцыі. Пакінуў карпарацыю для працы над біяграфіяй папы Рымскага Яна Паўла II, зь якім быў знаёмы; пасьля гэтага заснаваў некамэрцыйную арганізацыю Free Media Online, якая займаецца падтрымкай незалежных СМІ.

«Калі я быў падлеткам у камуністычнай Польшчы, то слухаў Радыё Свабодная Эўропа, каб ведаць, што хавае ад мяне ўрад, — цытуе словы Ліпеня агенцтва USAGM. — Гэта аказала велізарны ўплыў на маё жыцьцё і жыцьцё мільёнаў людзей. Для мяне вялікі гонар, што мне даверылі дапамагаць гэтай арганізацыі зь велізарнай гісторыяй надалей прарывацца праз цэнзуру і даваць голас тым, хто яго пазбаўлены».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG