Царкоўны суд прымаў рашэньне завочна, паколькі Кураеў чатыры разы адмаўляўся прыйсьці на пасяджэньне.
«Рашэньне аб пазбаўленьні протадыякана Андрэя Кураева сану ўступіць у сілу ў выпадку зацьвярджэньня яго архірэем гораду Масквы — Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі, а да гэтага ва ўстаноўлены тэрмін можа быць абскарджанае», — гаворыцца ў паведамленьні суду.
Кіраўнік РПЦ патрыярх Кірыл 29 красавіка забараніў Андрэю Кураева праводзіць царкоўныя абрады і службы праз тое, што ён крытыкаваў настаяцеля маскоўскага Богаяўленскага катэдральнага сабору ў Ялохаве Аляксандра Агейкіна, які памёр ад каранавірусу.
21 красавіка, пасьля таго, як РПЦ пацьвердзіла сьмерць Агейкіна, Кураеў адазваўся аб ім як аб «тупым кар’ерысьце, які зрабіў карʼеру ў сфэры ВІП-сэрвісу».
Кураеў — адзін з найбольш вядомых, але таксама неадназначных дзеячаў РПЦ. Ён аўтар афіцыйнага падручніка па асновах праваслаўнай культуры ў Расеі, а таксама чытаў лекцыі на філязоўскім факультэце МДУ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыякан Кураеў: База для беларускай аўтакефаліі ўжо падрыхтаванаяПры гэтым яго выказваньні неаднаразова прыводзілі да абвінавачваньняў у распальваньні міжэтнічных і міжрэлігійных канфліктаў. У 2013 годзе рашэньнем навуковай рады Маскоўскай духоўнай акадэміі протадыякан быў адлічаны з выкладчыцкага складу і выключаны зь ліку прафэсараў акадэміі за «эпатажную» і правакацыйную дзейнасьць у СМІ і блогасфэры.
Кураеў не заўсёды падзяляў пункт гледжаньня кіраўніцтва РПЦ. Ён выказваў нязгоду з крымінальным перасьледам і турэмным зьняволеньнем удзельніц групы Pussy Riot за іх акцыю ў храме Хрыста Збавіцеля, ён таксама прапаноўваў патрыярхіі ўвесьці падатковыя канікулы і не спаганяць з парафіяў штомесячныя ўнёскі.
Пасьля наданьня Канстантынопальскім патрыярхатам томасу Праваслаўнай царкве Ўкраіны Кураеў казаў, што «царкоўна-праўная база для беларускай аўтакефаліі ўжо падрыхтаваная».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патрыярх РПЦ Кірыл забараніў царкоўнае служэньне протадыякану Кураеву