Пры Савеце Рэспублікі стварылі Раду старэйшынаў

Савет Рэспублікі. Архіўнае фота

29 сьнежня адбылося першае пасяджэньне новага органу, які не прадугледжаны Канстытуцыяй Беларусі, — Рады старэйшынаў. Яе ўзначаліў Барыс Батура.

Раду старэйшынаў стварылі пры прэзыдыюме Савету Рэспублікі 7 скліканьня, паведаміла БЕЛТА. Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава сказала, што досьвед і веды ўзятых у новы орган «несумненна спатрэбяцца» дзяржаве.

Старшыня Пастаяннай камісіі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савету Рэспублікі мінулага скліканьня Сяргей Рахманаў сказаў, што дзяржаве трэба «ўсе наяўныя рэсурсы, у тым ліку інтэлектуальныя, выкарыстоўваць дзеля таго, каб вырашаць праблемы». Таму, на яго думку, членам Рады старэйшынаў трэба ўнутры краіны ва ўзаемадзеяньні з «калегамі з Расеі і іншых краінаў», знаходзіць рашэньні. Па словах Рахманава, гэта ня толькі каранавірус, але і ў цэлым «эканамічны і нават палітычны крызіс у сьвеце».

Барыс Батура. Архіўнае фота

На першым паседжаньні абралі і старшыню Рады старэйшынаў. Ім стаў Барыс Батура, які ўзначальваў Савет Рэспублікі чацьвёртага скліканьня.

Асноўныя задачы Рады старэйшынаў:

  • удзел у абмеркаваньні прапановаў па сацыяльна-эканамічным, грамадзка-палітычным і заканадаўчым разьвіцьці;
  • аналіз і ацэнка новых заканадаўчых ініцыятываў, канцэпцыяў, законапраектаў, а таксама праграмных дакумэнтаў;
  • унясеньне рэкамэндацыяў і прапановаў па ўдасканаленьні працы Савету Рэспублікі і яго органаў.

Пасяджэньні новага органу будуць склікацца «па меры неабходнасьці». Яго пэрсанальны склад будзе вызначацца прэзыдыюмам Савету Рэспублікі. Пасяджэньне Рады старэйшынаў будзе лічыцца правамоцным, калі на яго прыедуць ня меней за палову членаў.

Рашэньні органу будуць мець рэкамэндацыйны характар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Савеце Рэспублікі правялі «круглы стол» па новай Канстытуцыі. Запрасілі і апазыцыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Савет Рэспублікі: «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» стварае пагрозу міжнародным міру і бясьпецы