Доступ у судовую залю быў абмежаваны праз каранавірус.
Выракі яшчэ не набылі законнай сілы і могуць быць абскарджаныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі вашае дзіця аддубасяць, я пагляджу». Жыхароў Наваградку судзяць за падрыхтоўку да беспарадкаў і абразу прэзыдэнтаГарох плянаваў супраціў, але зрабіць нічога не пасьпеў
47-гадовага рамесьніка Ўладзімера Гароха суд прызнаў вінаватым у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і ў абразе Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён праводзіў сустрэчы зь мясцовымі жыхарамі ў Карэліцкім, Наваградзкім, Дзятлаўскім, Лідзкім раёнах. Ён нібыта плянаваў падпальваць Наваградзкі і Карэліцкі райвыканкамы 10 жніўня, супраціўляцца ўладам з дапамогай бэнзапілаў і «кактэйляў Молатава», блякаваць дарогу паміж Карэлічамі і Наваградкам сьпілаванымі дрэвамі. Аднак нічога не пасьпеў зрабіць.
Таксама Гароха прызналі вінаватым у тым, што ён 14 жніўня публічна абразіў Аляксандра Лукашэнку ў Viber, калі ягоныя дзеці-мэдыкі сядзелі на Акрэсьціна.
Кірэшчанку пакаралі за заклікі, таксама нічога не зрабіў
36-гадовага прадпрымальніка Дзяніса Кірэшчанку суд прызнаў вінаватым у тым, што ён на адной з сустрэч з Гарохам прапанаваў выкарыстоўваць абрэзкі арматуры і тэлескапічныя дручкі, каб аказваць супраціў уладам.
Пракурор прасіў для Гароха 8 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, для Кірэшчанкі — 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
Абодва фігуранты сваёй віны не прызналі. Гарох тлумачыў, што хацеў неяк падтрымаць Сьвятлану Ціханоўскую, таму сустракаўся з хлопцамі; калі і казаў пра сьпілаваныя дрэвы, то толькі жартам і каб праверыць адэкватнасьць суразмоўцаў. Кірэшчанка заяўляў на судзе, што проста падвозіў Гароха на месца сустрэчы, бо меў уласны аўтамабіль, у размовах ня ўдзельнічаў.
«Калі вашае дзіця аддубасяць добра, я пагляджу, будзеце вы эмацыйна рэагаваць ці не... Асадак дагэтуль у мяне ў душы. Я некалькі дзён хадзіў проста прыбіты гэтай навіной», — тлумачыў раней на судзе Гарох свае выказваньні ў сацыяльных сетках пра Аляксандра Лукашэнку пасьля таго, як ягоных дзяцей затрымалі, а сына моцна пабілі на Акрэсьціна.
Справу разглядаў судзьдзя Васіль Аляхновіч. Праз каранавірус, паводле афіцыйнай вэрсіі, у судовую залю пускалі толькі некалькі сваякоў падсудных, хоць падтрымаць Гароха і Кірэшчанку прыходзіла больш людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мае сваякі — свабодныя беларусы». Пра што пішуць у турму і з турмы