«Голас» запусьціў праект «Беларусь марыць», які ўжо сабраў больш за 5500 жаданьняў беларусаў. Топ-5 мараў

Менск, 23 жніўня 2020 году

Усе выказаныя мары будуць пакладзеныя ў аснову народнага маніфэсту новай Беларусі, які стане арыенцірам для народнага руху, а таксама для далейшай працы грамадзянскіх ініцыятываў.

Плятформа прэзэнтавала прамежкавую аналітыку аб самых папулярных марах беларусаў. Яны сабраныя ТУТ. Мары будуць акумулявацца да 7 студзеня, потым іх маюць пераўтварыць у плян дзеяньняў, пішуць арганізатары кампаніі.

Больш за 5500 беларусаў ужо падзяліліся сваімі навагоднімі таямніцамі з праектам «Беларусь марыць». Вось самыя папулярныя жаданьні на гэты момант.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі запрацавала мабільная праграма, якая аб’ядноўвае фонды дапамогі пацярпелым
  • 1. Адстаўка Аляксандра Лукашэнкі. Безумоўны лідэр сярод мараў. Такіх паведамленьняў на адрас плятформы паступіла каля 90%. Частка не прайшла мадэрацыю з прычыны просталінейных або рэзкіх фармулёвак.
  • 2. Вызваленьне палітвязьняў — другое па папулярнасьці жаданьне.
  • 3. Бясьпека і жыцьцё бяз страху. Такое жаданьне замыкае першую тройку. Тут жа спыненьне гвалту і рэпрэсій, скарачэньне колькасьці АМАПу ды іншых сілавых структураў, нежаданьне ператварыцца ў «вайсковую хунту» і Паўночную Карэю.
  • 4. Аднаўленьне законнасьці. Беларусы мараць, каб у краіне выконваліся законы і Канстытуцыя, крымінальна-працэсуальны кодэкс выкарыстоўваўся паводле прызначэньня, а незаконна асуджаных апраўдалі.
  • 5. Клопат пра пэнсіянэраў. Часьцей за ўсё мары аб лепшым жыцьці для пажылых людзей, годнай пэнсіі, даступным мэдычным і санаторным лячэньні і падарожжах па сьвеце дасылалі дзеці ды ўнукі. Людзі сталага веку мараць пра шчасьлівую будучыню для сваіх дзяцей і ўнукаў і часам шкадуюць аб сваім выбары 26 гадоў таму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мае сваякі — свабодныя беларусы». Пра што пішуць у турму і з турмы

Таксама мараць беларусы аб падвышэньні заробкаў, мадэрнізацыі сыстэмы аховы здароўя, вяртаньні эмігрантаў, шырокім ужываньні беларускай мовы, даступнай іпатэцы на жыльлё, рэформе адукацыі і шмат чым іншым.

Сваё жаданьне можна адправіць у відэафармаце да 30 сэкундаў або тэкстам чат-боту «Голасу» ў Viber або Telegram. Зарэгістравацца можна праз сайт https://belarus2021.org. Ад кожнага карыстальніка прымаецца адно паведамленьне — тое, якое прыходзіць апошнім.