Тарас Тарналіцкі:
Я невялікі аматар патасных цытат, які падспудна падказваюць табе на вуха, як трэба жыць, каб адчуваць асалоду ці дамагацца посьпехаў у кар’еры. Тыя словы часьцей за ўсё не працуюць, бо сьвет вельмі вялікі і складана збудаваны, у ім усё залежыць ад месца, часу і грамадзкага кантэксту, а не агульных жыцьцёвых парад. Таму прапаную ўвазе чытачоў улюбёныя фразы, якія я сам раз-пораз ужываю ў гаворцы з сябрамі і знаёмымі.
Гэта было назаўжды, пакуль ня скончылася.
Гэта ня столькі цытата, колькі частка загалоўку аднайменнай кнігі прафэсара Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Бэрклі Аляксея Юрчака. У ёй дасьледчык аналізуе пэрспэктывы парадоксу позьняга сацыялізму — чаму палітычная і дзяржаўная сыстэма, якая здавалася вечнай і нязьменнай, у пэўны момант зьнікла зь міжнароднай мапы. А савецкія людзі заўжды былі гатовыя да яе зьнікненьня. У гэтым крыецца ключ да разуменьня таго, што адбываецца ў Беларусі апошнія 26 год — спроба рэанімаваць труп былой імпэрыі, вярнуцца ў мінуўшчыну, якой больш няма. Усе ўжо ведаюць, што тое немагчыма і бессэнсоўна. Але сёньняшняя ўлада, якая падаецца моцнай, яшчэ супраціўляецца, але неўзабаве і яна рухне і пахавае пад сваімі абломкамі яе архітэктараў.
Толькі бог даруе.
Гэта таксама назва вельмі жорсткага і візуальна эстэтычнага дацкага трылеру рэжысэра Нікаляса Віндынга Рэфна. Ідэя фільму ў спробе супраціву простага чалавека сапраўднаму богу, але мне падабаецца іншы кантэкст гэтай назвы — за ўсё справы ў жыцьці рана ці позна давядзецца плаціць рахунак. І той гвалт і зьдзекі з простых людзей, на якія пайшлі чыноўнікі і сілавікі, вялікім рэхам адаб’юцца на жыцьці краіны ў будучыні, а таксама на іх уласным лёсе. Неразуменьне наступстваў — асноўная трагедыя гвалтаўнікоў і катаў у высокіх кабінэтах.
Хаос — гэта лесьвіца.
З задавальненьнем працытую цяпер Мезенца — аднаго з асноўных інтрыганаў фэнтэзійнага цыклу Джорджа Мартына «Сьпевы ільду і полымя». Сутнасьць фразы ў тым, што грамадзкая і палітычная турбулентнасьць — гэта катастрофа ў першую чаргу для кіроўных эліт, а для ўсіх астатніх магчымасьць нешта кардынальна зьмяніць у сваім жыцьці ў лепшы ці, наадварот, горшы бок. Гэта рулетка, якая абуджае прэснае жыцьцё да зрухаў і пэўных зьменаў. Трэба толькі не сядзець і не чапляцца пальцамі за такую дарагую стабільнасьць.
Тарас Тарналіцкі — журналіст і кінааглядальнік, які ў лістападзе і сьнежні адсядзеў 25 дзён за кратамі.
Выбар рэдакцыі:
As long as the day lasts, let’s give it all we got.
Пакуль доўжыцца дзень, аддайма яму ўсё, што мы атрымалі.
(Дэйвід Маккей)
Дэйвід Маккей (David O. McKay, 1873–1970) — амэрыканскі духоўнік і асьветнік.
Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануе Юлія Чарняўская ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты, якія дапамагаюць жыць