Роспуск Кнэсэту адкрыў дарогу да чацьвёртых за два гады выбараў у Ізраілі

Біньямін Нэтаньягу і Бэні Ганц

Ізраільскі парлямэнт у сераду быў распушчаны, пасьля таго як раздробленая кіруючая кааліцыя прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу не змагла прыняць бюджэт, перадае Голас Амэрыкі.

Гэтае рашэньне запускае працэдуру чацьвёртых парлямэнцкіх выбараў за два гады і аднаўляе беспрэцэдэнтны палітычны крызіс.

Кааліцыя, якую ўзначальваюць Нэтаньягу і яго былы супернік на выбарах, міністар абароны Бэні Ганц, набліжалася да каляпсу некалькі тыдняў з прычыны ўзаемнай непрыязнасьці і недаверу.

Роспуск Кнэсэту азначае, што новыя выбары могуць адбыцца ўжо 23 сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля рэзыдэнцыі Нэтаньягу прайшоў пікет супраць ізраільскай палітыкі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі

Кааліцыя, якую ўзначальваюць правая партыя «Лікуд» Нэтаньягу і цэнтрысцкая партыяй «Кахоль-Лаван» Ганца, павінна была прыняць бюджэт да поўначы 22 сьнежня.

Адсутнасьць рашэньня да гэтага тэрміну азначае заканчэньне нестабільнага палітычнага альянсу Нэтаньягу і Ганца, якія супрацьстаялі адзін аднаму на выбарах у красавіку і верасьні 2019 году і ў сакавіку 2020 году. Ніводныя з гэтых выбараў не прывялі да выразнага выніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для мяне ўсе беларусы — у небясьпецы», — пацярпелы ад катаваньняў сілавікоў грамадзянін Ізраілю