У Менску работнікі ўжо трэці тыдзень судзяцца з заводам імя Казлова

Шэсьце рабочых у Менску, 17 жніўня 2020. Ілюстрацыйнае фота

У суд зьвярнуліся 16 чалавек. Большасьць зь іх аспрэчваюць звальненьне, таксама людзі патрабуюць ад заводу імя Казлова кампэнсацыі маральнай шкоды памерам 1000 рублёў.

У кастрычніку-лістападзе з МЭТЗ імя Казлова ў Менску звольнілі 26 чалавек. 16 зь іх падалі на сваё прадпрыемства ў суд. Першы працэс пачаўся 7 сьнежня. У судзе Кастрычніцкага раёну разглядалі пазоў вядучага інжынэра-канструктара Віталя Чычмарова, які адпрацаваў на заводзе імя Казлова 20 гадоў і ня меў за гэты час ніводнай заўвагі. Чычмароў, як і іншыя ўжо былыя работнікі заводу, хоча спагнаць са свайго прадпрыемства 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды і па 90 рублёў 53 капейкі за кожны працоўны дзень.

Рабочыя і іншыя працаўнікі заводу, якія зьвярнуліся ў суд, перакананыя, што сапраўднай прычынай звальненьня стала арганізацыя прафсаюзу, альтэрнатыўнага дзяржаўнаму. У яго запісалася каля 100 чалавек. 22 сьнежня скончыўся разгляд адной з 16 спраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За 20 гадоў працы ня меў ніводнага спагнаньня». Звольнены з заводу імя Казлова інжынэр падаў на прадпрыемства ў суд

«Суды ідуць, учора яшчэ былі папярэднія паседжаньні, — расказала Свабодзе былая працаўніца заводу імя Казлова Яна Малыш. — У аднаго з нашых рабочых такое прайшло толькі сёньня. У мяне папярэдняе паседжаньне было прызначанае таксама на сёньня, яно прайшло, і судзьдзя адразу паведаміла, што адбудзецца і асноўнае. Толькі пасьля перапынку. Судзьдзя не дазволіла маёй адвакатцы перанесьці паседжаньне на іншы дзень, не дала падрыхтавацца да спрэчак бакоў. Вельмі груба адмовіла. Сказала, што раз яна адвакатка, то павінна быць гатовая да спрэчак у любы момант».

Першай скончылі разгляд справы Яны. Дзяўчына кажа, што адна зь яе былых калег, якая пагадзілася ўдзельнічаць у судзе як сьведка, была вымушаная адмовіцца ад гэтага ў апошні момант пад ціскам адміністрацыі.

«Зараз ідзе яшчэ адзін суд па пазове нашага зваршчыка, — кажа Яна. — Я там сьведка, буду даваць паказаньні. Агулам мы падалі 16 пазоваў на завод. Адзін зь іх — на вымову, а не на звальненьне. Чалавек на паўгадзіны выйшаў у сквэр, яму паставілі прагул. Сёньня таксама пачынаецца працэс па пазове бухгальтаркі. Яна даведалася, што ёй праз актыўную грамадзкую пазыцыю ня хочуць працягваць кантракт. І вырашыла звольніцца сама па 41-м артыкуле Працоўнага кодэксу, з ініцыятывы работніка, таму што з боку працадаўцы ёсьць парушэньні ўмоваў працы. Там гаворка не пра неадпаведную тэмпэратуру ў кабінэце, а пра тое, што работнікаў не адпускалі ў адпачынкі і не аплачвалі іх. Яна зьвярталася ў Дэпартамэнт па працы, там пацьвердзілі, што такія парушэньні на заводзе былі. Вось першае паседжаньне зараз будзе па гэтым пазове».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З «Нафтану» звальняюць лідэрку страйкаму

Рашэньне па справе Яны абвесьцяць у чацьвер 24 сьнежня. Да 30 чысла дзяўчына павінна выселіцца з заводзкага інтэрнату. Яна кажа, што самастойна рабіць гэтага ня будзе. Каб яе выселіць згодна з законам, прадпрыемству неабходна падаць на былую супрацоўніцу ў суд.

«Я буду цягнуць да апошняга, хай праз суд высяляюць, — кажа дзяўчына. — Хачу, каб усе парушэньні ў дачыненьні да мяне былі як мага паўней зафіксаваныя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акадэмія мастацтваў звольніла дваіх супрацоўнікаў – удзельнікаў агульнанацыянальнага страйку