Палата прадстаўнікоў ухваліла дакумэнт абʼёмам больш за 5 тысяч старонак двума галасаваньнямі.
Сэнат ухваліў гэты законапраект пераважнай большасьцю: 92 — 6.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры Кангрэсу ЗША ўзгаднілі 900 мільярдаў даляраў дапамогі эканоміцы ў сувязі з пандэміяйУхваленыя дакумэнты ўключаюць у сябе законапраект аб падаўжэньні фінансаваньня ўраду на адзін тыдзень, каб пазьбегнуць спыненьня яго працы і даць прэзыдэнту Дональду Трампу час падпісаць маштабны законапраект.
Разам з гэтымі законапраектамі Сэнат ухваліў таксама Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі.
Што да законапраекту аб дапамозе ў сувязі з каранавірусам, то адзін з галоўных яго складнікаў — прамыя выплаты ў памеры 600 даляраў большасьці амэрыканцаў. Гэтая сума паступова скарачаецца для людзей з даходамі звыш 75 тысячаў даляраў у год.
Міністар фінансаў Стывэн Мнучын заявіў, што мільёны амэрыканцаў, магчыма, пачнуць атрымліваць стымулюючыя выплаты ўжо на наступным тыдні.
Новы законапраект таксама прадугледжвае выдзяленьне 284 мільярдаў даляраў на Праграму абароны выплаты заробкаў, закліканую дапамагчы бізнэсу захаваць працоўныя месцы ў пэрыяд, калі эканамічны ціск пандэміі можа прывесьці да дадатковых звальненьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат ЗША ўхваліў Акт аб дэмакратыі для БеларусіАкрамя таго, прадугледжана вылучыць 4 мільярды даляраў на дапамогу іншым краінам у правядзеньні вакцынацыі ад COVID-19.
«Яшчэ адзін буйны пакет дапамогі амэрыканцам будзе, — заявіў лідэр рэспубліканскай большасьці ў Сэнаце Мітч Макконэл. — У той час як нашыя грамадзяне працягваюць змагацца з каранавірусам у гэты сэзон сьвятаў, яны ня будуць змагацца ў адзіночку».
Сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі і лідэр дэмакратычнай меншасьці ў Сэнаце Чак Шумэр заявілі, што законапраект аб дапамозе — гэта толькі першы крок.
Абраны прэзыдэнт Джо Байдэн высока ацаніў дух супрацоўніцтва дзьвюх партый, дзякуючы якому ўдалося распрацаваць законапраект. Паводле яго слоў, гэты дакумэнт — «толькі пачатак».
Працу над законапраектам тармазілі рознагалосьсі паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі па ключавых для абодвух бакоў пытаньнях.
Афіцыйныя асобы ў Белым доме заявілі, што прэзыдэнт Дональд Трамп падпіша гэты законапраект.