Зрыў «дарожнай мапы». Беларусь і Расея не адменяць роўмінгу да канца 2020 году

Адмена роўмінгу паміж абанэнтамі мабільных сетак Беларусі і Расеі, паводле «дарожных мапаў», плянавалася ў верасьні 2020-га, аднак роўмінг паміж краінамі застанецца і ў 2021 годзе.

Роўмінг паміж Расеяй і Беларусьсю да канца году не адменяць, бо «ёсьць тэхнічныя і фінансавыя праблемы», — паведаміў «РИА Новости» дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Грыгорый Рапота.

Пры гэтым Рапота прызнаў, што працэс не стаіць на месцы, паколькі «цяпер роўмінг ужо працуе па значна зьніжаных тарыфах». Ён адзначыў, што спэцыялісты глядзяць на тое, як зьмяненьне тарыфаў адаб’ецца на эканоміцы дзьвюх дзяржаў.

«Трэба набрацца цярпеньня менавіта дзеля таго, каб не абрынуць сыстэму сувязі. Даводзіцца ўлічваць інтарэсы як абанэнтаў, так і пастаўшчыкоў паслугі», — растлумачыў Рапота.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь падтрымала ініцыятыву аб адмене роўмінгу паміж Эўразьвязам і ўдзельнікамі «Ўсходняга партнэрства» 

Але дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы пацьвердзіў імкненьне абедзьвюх краін да поўнай адмены роўмінгу.

Апэратары сувязі Беларусі і Расеі з 1 лістапада ў тэставым рэжыме перайшлі на новую тарыфікацыю ў роўмінгу: стаўка зьнізілася з 30 цэнтаў да 1,5 цэнта за хвіліну. Гэта дазволіла шматкроць зьнізіць кошт сувязі для кліентаў расейскіх апэратараў у Беларусі і наадварот.

Варта адзначыць, што задачу адмены роўмінгу паміж дзьвюма краінамі паставілі яшчэ 30 чэрвеня 2017 году. У сьнежні 2019 году міністры сувязі пацьвердзілі ранейшыя намеры сваіх урадаў падпісаньнем «дарожнай мапы» па гэтым пытаньні, але ў прапісаныя ў ёй тэрміны «саюзная дзяржава ня ўклалася», а законапраект адхіліла Дзярждума Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждума Расеі адхіліла законапраект аб адмене роўмінгу паміж Расеяй і Беларусьсю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Здача сувэрэнітэту або чарговы этап размоваў пра інтэграцыю? Два погляды на публікацыю «Коммерсанта»