«Эўраопт» — самы буйны гулец на рынку рытэйлу ў Беларусі. Па законе прысутнасьць на рынку ня можа быць большая за 20%, але нядаўна гэтую норму паспрабавалі зьмяніць: пашырыць парогавую долю гандлёвай сеткі ў рэгіёнах да 25%, адмыслова для «Эўраопта».
Такую прапанову на абмеркаваньне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў вынес Андрэй Савіных 16 сьнежня. Супраць адразу ж выказаўся Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, яны ж накіравалі звароты да дэпутатаў. Прапанову Савіных у выніку не падтрымалі.
Цяпер «Эўраопт» займае каля 19% рынку розьнічнага гандлю ў Беларусі. Глядзім, што гэта за бізнэс.
Уладальнікі — на Кіпры і Віргінскіх астравах
«Эўраопт» зьявіўся ў 1993 годзе як дробнааптовая прадуктовая кампанія. У 1997-м адкрылася першая крама. Кампанія EUROTORG HOLDING PLC зарэгістраваная на Кіпры. Дырэктары — Anatolie Friptu, Андрэй Зубкоў, Сяргей Літвін, Уладзімер Васілько.
У якасьці сакратара EUROTORG HOLDING PLC пазначана іншая кампанія — Amerito Limited, якая фігуруе ў так званым «Панамскім сьпісе» — пераліку афшорных кампаній, якім аказвала юрыдычныя паслугі панамская фірма Mossack Fonseca. Сама па сабе рэгістрацыя кампаніі ў афшорах — не парушэньне, гэты факт ня значыць, што кампанія адмывае грошы ці сыходзіць ад падаткаў. Але некаторыя афшорныя кампаніі робяць менавіта так. Amerito Limited, паводле «панамскага сьпісу», зьвязаная з кампаніяй Devesta limited, якая, у сваю чаргу, зьвязаная зь бізнэсам у Арабскіх Эміратах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанская «дачка» беларускай «БНК» і «Укртранснафта» падоўжылі ўгоду аб транзыце нафты з Азэрбайджану праз УкраінуПаводле фінансавай справаздачнасьці на 2018 год, 49,75% адсоткаў «Эўрагандлю» належыць кампаніі Litinvest Limited (Кіпр), яшчэ столькі ж — Denison Finance Corp (Віргінскія астравы, Вялікая Брытанія), яшчэ 0,50% належаць кампаніі Storass Limited (Кіпр).
Сакратаром Litinvest Limited пазначана іншая кіпрская кампанія — Vimatex Limited. Гэтая апошняя таксама фігуруе ў «Панамскім сьпісе». Паводле журналістаў-расьсьледвальнікаў, Vimatex Limited мае сувязі з арабскімі кампаніямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар энэргетыкі: Налета падрыхтуем абгрунтаваньне для другой АЭСАсноўныя ўладальнікі «Эўрагандлю» — Сяргей Літвін і Ўладзімер Васілько. Ні таго, ні другога ў «панамскім сьпісе» няма, але там ёсьць Ларыса Васілько з афшорам Victoria Prime Properties Ltd. Гэта поўная цёзка старшыні назіральнай рады «Эўрагандальінвэстбанку», цяпер ён называецца «Статусбанк». Па дадзеных на 2018 год, большасьць актываў банку належаць «Эўрагандлю».
Перасьлед уладальнікаў
У 2003 годзе Сяргея Літвіна і Ўладзімера Васілько ледзь не затрымалі. Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў КДК прыйшоў да высновы, што бізнэсмэны маюць дачыненьне да стварэньня злачыннай арганізацыі, іх падазравалі таксама ў нясплаце мытных плацяжоў, кантрабандзе. На момант, калі такія падазрэньні зьявіліся, абодва знаходзіліся ў Варшаве. Польскія праваахоўнікі вырашылі, што доказаў віны бізнэсмэнаў няма, і Беларусі іх ня выдалі.
Хуткі рост
Нягледзячы на перасьлед уладальнікаў на пачатку нулявых, «Эўрагандаль» рос небывалымі тэмпамі. Ужо ў 2010 годзе крамы сеткі прысутнічалі ва ўсіх абласьцях Беларусі. Праз два гады «Эўрагандаль» пазычае грошы ў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, крамаў становіцца 100 па ўсёй краіне.
У 2014 годзе пачынае працаваць першы онлайн-сэрвіс дастаўкі, у 2015 годзе крамаў у сеткі ўжо 430. У 2017 годзе «Эўрагандаль» разьмяшчае на Ірляндзкай фондавай біржы фінансавыя аблігацыі на 350 мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 40 дзён таму у Менску загінуў Раман Бандарэнка. Што вядома і што зрабілі ўлады за гэты часУ 2019 годзе кампанія бярэ крэдыты ў расейскіх банкаў і разьмяшчае там аблігацыі. У 2020 годзе «Эўрагандаль» займае больш за 19% рынку рытэйлу ў Беларусі. Апроч крамаў «Эўраопт», кампанія валодае гіпэрмаркетамі «Хіт», «Грошык», «Е-сіці», буйным сэрвісам дастаўкі e-dostavka.by.
За першае паўгодзьдзе 2018 году кампанія зарабіла 39,1 мільёна рублёў чыстага прыбытку. Мяркуючы па інфармацыі з сайта кампаніі, сёлета «Эўрагандаль» двойчы разьмяшчаў аблігацыі — сьпярша на 5 мільярдаў расейскіх рублёў у Расеі, а пасьля эўрааблігацыі на 300 мільёнаў даляраў.
На канец 2019 году ў кампаніі працавалі 37,6 тысячы чалавек.
У чым сакрэт росту
Пры такой эканамічнай мадэлі, як у «Эўраопта», патрэбнае хуткае разьвіцьцё са старту. Пра гэта кажа старшы навуковы супрацоўнік Beroc Леў Львоўскі.
«У такой бізнэс-мадэлі няма нічога звышновага. Новыя тэхналёгіі дазваляюць забясьпечваць новы ўзровень сэрвісу, людзі эканомяць ня толькі грошы, але і час.
Сэрвіс дастаўкі якраз гэтым пасьпяховы. Праблема такога бізнэсу на пачатку — як знайсьці рэсурсы, каб стаць буйным гульцом, каб нарасьціць аб’ёмы. У такім бізнэсе важны эфэкт маштабу, каб можна было закупляць вялікія аб’ёмы прадукцыі на склад. На першым этапе важныя вялікія ўкладаньні ў рост», — кажа Леў Львоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦАСувязі зь дзяржавай
Беспасярэдніх сувязяў самага буйнога рытэйлу зь дзяржавай не прасочваецца. Пры гэтым «Эўраопт» рэгулярна трансьлюе сваю гульню «Удача в придачу» на дзяржаўных каналах, дзяржаўныя СМІ публікуюць рэкляму рытэйлера пад выглядам звычайных навінаў. Кампанія аказвае фінансавую падтрымку спартовым мерапрыемствам у Беларусі: Менскі паўмаратон, Эўрапейскія гульні, спартовыя сэкцыі. З 2015 па 2018 год «Эўраопт» аказаў дапамогу спорту на 14 мільёнаў даляраў.
У 2019 годзе «Эўрагандаль» спрачаўся зь Міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня наконт указу «Аб супрацьдзеяньні манапалізацыі ў галіне гандлю», і спрэчка скончылася не на карысьць кампаніі. Указ ухвалілі і прынялі.