Як паведамілі Свабодзе ва ўкраінскай кампаніі, зьмест рамкавай угоды не зьмяніўся. Беларусь да канца месяца вызначае аб’ёмы нафты, якія плянуе транспартаваць праз Украіну ў наступным месяцы, і на гэтай падставе падпісваецца ўгода, дадатковая да рамкавай.
«Падаўжэньне дакумэнту адбылося на пачатку сьнежня шляхам заключэньня дадатковай угоды. У студзені наступнага году чакаецца чарговая партыя нафты для Беларусі», — паведаміла суразмоўца Свабоды.
У кампаніі «Укртранснафта» таксама пацьвердзілі, што перад пралянгацыяй дакумэнту беларускі бок настойваў на зьмяншэньні тарыфаў на транзыт, але гэта можа адбыцца толькі пры ўмове істотнага павелічэньня абʼёмаў транспартаваньня нафты.
Паводле інфармацыі ўкраінскай кампаніі, на 21 сьнежня Беларусь транспартавала праз Украіну 794 тысячы тон нафты, і яшчэ 85 тысяч тон атрымае найбліжэйшым часам.