Абвінавачаны ў забойстве журналіста Паўла Шарамета музыка Андрэй Антоненка правёў год у сьледчым ізалятары. Другую фігурантку справы Юлію Кузьменку 4 месяцы таму перавялі пад хатні арышт.
За гэты год, сьцьвярджаюць адвакаты, істотных доказаў датычнасьці Антоненкі і Кузьменкі да забойства журналіста сьледзтва так і не дало.
Аўтамабіль Паўла Шарамета ўзарвалі 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева. Гэта адна з самых гучных крымінальных справаў у гісторыі сучаснай Украіны.
Тэлеканал «Настоящее время» пагутарыў зь Юліяй Кузьменкай і Андрэем Антоненкам.
З Антоненкам журналісты сустрэліся ў пакоі для спатканьняў кіеўскага СІЗА. Сьледзтва год таму назвала яго арганізатарам забойства, цяпер называе выканаўцам.
«Ёсьць поўнае неразуменьне таго, што адбываецца, разуменьне таго, што цябе абвінавачваюць у тым, да чаго ты абсалютна ня маеш ніякага дачыненьня», — сказаў Антоненка.
Адзін з галоўных доказаў у справе — відэазапісы з камэраў назіраньня. На іх мужчына і жанчына закладаюць выбухоўку пад аўтамабіль Шарамета.
Антоненка сьцьвярджае, што на відэа ня ён, і ўвогуле зусім не падобны да зьнятага мужчыны: «Ён цалкам мой антыпод».
Юлія Кузьменка кажа, што ў дзень забойства Шарамета была дома зь сям’ёй, а пра тэракт даведалася з навінаў.
«Пасьля гэтага я палезла яшчэ ў Google шукаць, хто такі Павал Шарамет, — кажа яна. — Чамусьці бок абвінавачаньня лічыць гэта доказам маёй датычнасьці».
Паводле яе, пасьля брыфінгу з удзелам прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага судзьдзі «не спрабуюць увогуле разабрацца ў гэтай справе».
На нестыкоўкі ў матэрыялах справы Шарамета ва Ўкраіне зьвяртаюць у тым ліку журналісты выданьня «Ўкраінская праўда», дзе працаваў Шарамет. Судовыя паседжаньні наконт падаўжэньня арышту Антоненкі і Кузьменкі суправаджаюцца акцыямі пратэсту.
«На маё перакананьне, няма нічога такога складанага, каб проста прызнаць, што гэта была памылка», — кажа Андрэй Антоненка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа Шарамета: суд у Кіеве пакінуў падазраванага пад вартай, нягледзячы на стан здароўя ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гадавіну затрыманьняў у справе Шарамета — акцыя пратэсту каля адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны