Пра гэта паведамляе выданьне «Ўкраінская праўда».
У акцыі ўзялі ўдзел некалькі соцень чалавек. Актывісты прынесьлі белую труну з надпісам «Вясна скончылася, невінаватых саджаюць».
Паводле паліцыі, захады бясьпекі ў раёне адміністрацыі кіраўніка дзяржавы ўзмацнілі, аднак доступ да будынку не абмяжоўвалі.
Мэта акцыі, паводле арганізатараў, — «сымбалічна пахаваць правасудзьдзе і справядлівасьць».
«Гэта гадавіна ўтрыманьня Андрэя Антоненкі за кратамі, пачатку абсурднага перасьледу Юліі Кузьменкі, Яны Дугар, гадавіна зьнішчэньня правоў і свабодаў чалавека ва Ўкраіне паводле палітычнай матывацыі», — сказана ў апісаньні акцыі ў Facebook.
10 сьнежня суд прыняў рашэньне аб меры стрыманьня для траіх падазраваных у забойстве журналіста Паўла Шарамета: Андрэй Антоненка ўзяты пад варту, Юліі Кузьменцы прызначаны хатні арышт, а Яна Дугар вызваленая з падпіскай аб нявыезьдзе.
- Беларускі журналіст Павал Шарамет, які апошнія гады жыў ва Ўкраіне і працаваў ва «Ўкраінскай праўдзе» і «Радио Вести», загінуў ад выбуху раніцай 20 ліпеня 2016 году. Пад яго машыну была закладзена выбухоўка.
- 12 сьнежня 2019 году праваахоўныя органы абвясьцілі, што затрымалі трох падазраваных у забойстве: доктарку і добраахвотніцу Юлію Кузьменку, музыку Андрэя Антоненку і вайсковую мэдсястру Яну Дугар.
- Сьледзтва мяркуе, што Дугар назірала за перасоўваньнем Шарамета, а Кузьменка падклала выбухоўку пад машыну разам з Антоненкам.
- У траўні 2020 году затрыманым зьмянілі падазрэньні: Антоненка цяпер не арганізатар, а выканаўца з папярэдняй змовы, Кузьменка выканаўца, а Яна Дугар памагатая.
- Усе падазраваныя адмаўляюць датычнасьць да злачынства.
- Справу аб забойстве Паўла Шарамета перадалі ў суд, яго разглядае суд прысяжных.