Гэта пацьвердзіў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізіма у эксклюзіўным інтэрвію Ўкраінскай службе Радыё Свабода.
«Я так разумею, што гаворка ішла аб кантактах на ўзроўні спэцслужбаў. Я ведаю, што такія вагнэраўцы былі, іх захапілі беларускія сілавыя структуры. Затым адбылася размова нашых прэзыдэнтаў, і яны пра нешта дамовіліся. Наколькі я разумею, была дамоўленасьць пэўную колькасьць людзей аддаць. Я толькі магу пацьвердзіць факт, што такія размовы былі аб перадачы або асуджэньні гэтых асобаў тут. у Беларусі. Таму што былі нават доказы ўдзелу гэтых асобаў у апэрацыях на Данбасе супраць украінскага насельніцтва», — адзначыў пасол.
Ігар Кізіма адначасова дадаў, што ні ён асабіста, ні амбасада не былі прыцягнутыя да гэтых перамоваў. Звычайна падобныя кантакты адбываюць наўпрост паміж спэцслужбамі, абмінаючы дыпляматаў, сказаў ён.
29 ліпеня ў санаторыі пад Менскам затрымалі 33 грамадзян Расеі. Беларускія ўлады заявілі, што падазраюць іх у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў напярэдадні выбараў, а Аляксандар Лукашэнка тады назваў затрыманьне расейцаў «ПВК Вагнэра» «надзвычайнай падзеяй» і заявіў пра «брудныя намеры» Расеі.
Украіна папрасіла выдаць затрыманых баевікоў, бо яны ўдзельнічалі ў баях на Данбасе і ваявалі супраць украінскіх войскаў.
Аднак афіцыйна абвінавачваньні ім не прад’яўляліся, і праз два тыдні 32 з 33 затрыманых былі вернутыя ў Расею. Яшчэ адзін застаўся ў Беларусі, бо меў беларускае грамадзянства. 14 жніўня Генэральная пракуратура Расеі паведаміла, што затрыманыя раней знаходзіліся на тэрыторыі Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэйк або геніяльная апэрацыя? Ці вэрбавала СБУ байцоў «Вагнэра»18 жніўня неназваныя крыніцы паведамілі ў сацыяльных сетках і некаторых СМІ, што расейскіх баевікоў, затрыманых у Беларусі ў ліпені, на самай справе плянавалі затрымаць украінскія спэцслужбы і правялі апэрацыю па пошуку і затрыманьні фігурантаў злачынстваў на Данбасе, у тым ліку зьбіцьця малайзійскага рэйсу MH17.
Паведамлялася, што баевікам, якія ваявалі на Данбасе, была прапанавана «праца» ад імя расейскай прыватнай ваеннай кампаніі, каб «выманіць» іх з Расеі. Пад запісам яны нібыта казалі пра свой удзел у баях на Данбасе.
Па дадзеных СМІ, у прыватнасьці, выданьня «Українська правда», пасьля таго, як сілавікі паведамілі аб спэцапэрацыі Офісу прэзыдэнта, яна была сарваная, магчыма, з прычыны ўцечкі інфармацыі.
Служба бясьпекі Ўкраіны назвала расейскім фэйкам і інфармацыйным «укідам» паведамленьні пра ўдзел СБУ ў спэцапэрацыі затрыманьня баевікоў «ПВК Вагнэра» ў Беларусі і заклікала «не распаўсюджваць чутак на карысьць недружалюбнай дзяржавы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праезд празь беларускую мяжу прапануецца зрабіць платным — звыш 30 даляраў з аўтамабіля